Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сінод Біскупаў: “касцёльная экасістэма” і “амазонскі абрад”

7 кастрычніка 2019 г. на Сінодзе Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне гаворка ішла пра ролю моладзі ў спрыянні інтэгральнай экалогіі, праблемы навакольнага асяроддзя ў рэгіёне і душпастырскія выклікі.

Сінадальныя Айцы спасылаліся на прыклад 16-гадовай шведскай актывісткі Грэты Тунберг, падкрэсліваючы важнасць укладу моладзі ў абарону навакольнага асяроддзя і сацыяльную дзейнасць. Маладыя людзі прагнуць будаваць лепшы свет, больш чым іншыя ўсведамляюць патрэбу ва ўстанаўленні новых адносін з прыродай, яны чулыя да пакут планеты. Акрамя таго, тэма аховы навакольнага асяроддзя мае экуменічны і міжрэлігійны аспект, заўважалі ўдзельнікі Асамблеі.

Некаторыя выступоўцы звярталі ўвагу на тэрміновую патрэбу ў абароне грунтовых водаў Амазоніі ад хімічнага забруджвання ў выніку дзейнасці мультынацыянальных карпарацый, каб карэнныя народы маглі надалей пражываць на гэтых тэрыторыях і захоўваць сваю культуру.

У Сінадальнай зале шматразова згадваліся злоўжыванні з боку некаторых прамысловых прадпрыемстваў, дзейнасць якіх мае цяжкія наступствы для мясцовага насельніцтва. Біскупы падкрэслівалі, што інтэгральная экалогія патрабуе пошуку раўнавагі паміж чалавекам і прыродай.

Гаворка ішла пра недапушчальнасць паўтарэння каланізацыі, якая мела месца падчас місіянерскай дзейнасці ў мінулым, пра важнасць захавання культурнай тоеснасці Амазоніі. Кожная асобная культура робіць унёсак на карысць “каталіцкасці Касцёла”. Касцёл параўноўваўся з складанай экасістэмай, якая мае “цудоўную духоўную біяразнастайнасць” і выяўляецца ў розных супольнасцях, культурных выразах, формах кансэкраванага жыцця і служэння.

Удзельнікі Сінода Біскупаў размаўлялі пра абрады карэнных народаў Амазоніі, падкрэсліваючы, што Касцёл вітае ў іх тое, што не звязана з забабонамі. Падкрэслівалася, што цэлебрацыя некаторых сакрамэнтаў у мясцовых супольнасцях праходзіць з выкарыстаннем элементаў традыцыйнай культуры. У сувязі з гэтым некаторыя выступоўцы прапаноўвалі ўвесці – у якасці эксперыменту і пасля глыбокага тэалагічнага, літургічнага і душпастырскага аналізу, – “амазонскі каталіцкі абрад”.

У некаторых дакладах закраналася пытанне так званых “viri probati”, з падкрэсліваннем яго актуальнасці для тых рэгіёнаў, дзе асабліва моцна адчуваецца недахоп святароў, каб гарантаваць рэгулярны ўдзел вернікаў у сакрамэнтах. Заўважалася, што дыскусія па гэтым пытанні не павінна абумоўліваць пераасэнсаванне прыроды святарства і яго адносін з цэлібатам, прадугледжаным лацінскім абрадам у Касцёле.

Звярталася ўвага на патрэбу ў душпастырстве пакліканняў сярод карэнных народаў Амазоніі, каб спрыяць евангелізацыі ў самых аддаленых кропках рэгіёнах. Гэта неабходна, каб не ўзнікалі “католікі першага класу”, якія маюць магчымасць рэгулярна прымаць удзел у Эўхарыстыі, і “католікі другога класу”, якім наканава жыць без Хлеба жыцця на працягу гадоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 кастрычніка 2019, 10:26