Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

В’етнамская дзяржаўная дэлегацыя наведае Святы Пасад

21-22 жніўня 2019 г. у Ватыкане пройдзе восьмае пасяджэнне Рабочай групы па дыялогу паміж Апостальскай Сталіцай і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам, паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Мэтай сустрэчы з’яўляецца развіццё і паглыбленне двухбаковых адносін. У прыватнасці будуць абмяркоўвацца некаторыя аспекты касцёльнага жыцця ў азіяцкай краіне, а таксама пытанні, якія тычацца статусу і місіі Папскага прадстаўніка ў В’етнаме і візіту Дзяржаўнага сакратара, кардынала Пьетра Параліна, запланаванага на бліжэйшы час.

В’етнамскую дэлегацыю ўзначаліць намеснік Міністра замежных спраў То Анх Данг, Святы Пасад будзе прадстаўляць мансеньёр Антуан Камільеры, падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Сёмая сустрэча Рабочай групы праходзіла ў Ханоі 19 снежня 2018 г., а шостая – ў кастрычніку 2016 г. у Ватыкане. У жніўні 2017 г. Святы Пасад наведаў намеснік Міністра замежных спраў В’етнама, а ў жніўні 2018 г. у В’етнаме знаходзіўся з візітам падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 жніўня 2019, 11:52