Vatican News
Штаб-кватэра Кангрэгацыі Веравучэння Штаб-кватэра Кангрэгацыі Веравучэння 

Святы Пасад: святар з Францыі зоймецца пытаннем традыцыяналістаў

Новым кіраўніком секцыі Кангрэгацыі Веравучэння, адказнай за адносіны з супольнасцямі каталіцкіх традыцыяналістаў 30 сакавіка 2019 г. быў прызначаны кс. Патрык Дэкурцьё.

Апошнія 10 гадоў французскі святар працаваў у Папскай камісіі “Ecclesia Dei”, якая да нядаўняга часу займалася дадзеным пытаннем. Яна існавала з 1988 г. і была ліквідавана ў студзені 2019 г.

Кс. Дэкурцьё з’яўляецца выкладчыкам патрыстычнага інстытута “Augustinianum” у Рыме і спецыялізуецца на вучэнні Айцоў Касцёла. Ад гэтага часу ён будзе займацца супольнасцямі, якія знаходзяцца ў камуніі з Каталіцкім Касцёлам, напрыклад, Брацтвам св. Пятра, а таксама падтрымліваць кантакты з лефэбрысцкім Брацтвам св. Пія X, з мэтай урэгулявання яго касцёльнага статусу.

19 студзеня 2019 г. Францішак скасаваў Папскую камісію “Ecclesia Dei”. Яе кампетэнцыя была цалкам перададзена Кангрэгацыі Веравучэння, у рамках якой паўстала адмысловая Секцыя.

Трэба нагадаць, што “Ecclesia Dei” была заснавана 2 ліпеня 1988 г. св. Янам Паўлам ІІ, з мэтай дапамагчы вярнуцца да поўнай касцёльнай еднасці святарам, семінарыстам, супольнасцям, кансэкраваным асобам, звязаным з Брацтвам, якое стварыў арцыбіскуп Марсэль Лефеўр. Гаворка ішла пра асоб, якія хацелі заставацца ў еднасці з Наступнікам св. Пятра і адначасова прытрымлівацца так званай трыдэнцкай духоўнай і літургічнай традыцыі.

Папа прыняў рашэнне аб ліквідацыі Камісіі, беручы пад увагу той факт, што пытанні, якія стаяць на парадку дня, носяць дактрынальны характар, а колькасць і жыццё інстытутаў і манаскіх супольнасцей, якія цэлебруюць св. Імшу ў надзвычайнай форме сёння сталі стабільнымі.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 красавіка 2019, 11:06