Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

#Synod2018: Касцёл павінен узброіць моладзь трывалай верай

Першапачатковае заданне Касцёла – перадача веры моладзі: толькі так можна ўзброіць яе на супрацьстаянне шматлікім выклікам і выхаваць сапраўдных будаўнікоў грамадства любові і справядлівасці.

Гэтая пазіцыя стала лейтматывам дыскусій падчас Генеральнага пасяджэння ўдзельнікаў Сінода Біскупаў, якое адбылося 20 кастрычніка 2018 г. у Ватыкане і стала завяршальным этапам аналізу трэцяй часткі Працоўнага дакумента “Instrumentum Laboris”. На ім былі прадстаўлены справаздачы рабочых груп.

Сінадальныя Айцы падкрэслілі, што Касцёл мае патрэбу ў душпастырскім і місійным навяртанні, накіраваным на тое, каб быць больш адчувальна прысутным, каб служыць больш аддана і лепш адпавядаць Евангеллю. Моладзь, на іх думку, можа зрабіць значны ўнёсак у гэты працэс.

Аднак, для гэтага маладым людзям неабходна перадаваць дар веры – гэта першапачатковае заданне Касцёла. Яна павінна быць адказам на шматлікія выклікі, якія сёння стаяць перад моладдзю: эмаргінацыю, асабліва жанчын – ахвяр маскілізму і гендэрнай няроўнасці, розныя формы залежнасці і дыскрымінацыя, беспрацоўе, аборты, злоўжыванні ў адносінах да непаўналетніх.

У цэнтры ўвагі Сінадальных Айцоў застаецца сям’я – “маленькі Касцёл”, школа любові і чалавечнасці, адпраўны пункт на шляху да Хрыста. Душпастырства моладзі, сцвярджаецца ў справаздачах удзельнікаў працоўных груп, не можа разглядацца асобна ад душпастырства сям’і. Побач з сям’ёй варта перагледзець і жыццё парафіі як месца прыняцця, супольнасці і місійнасці. Касцёл павінен ствараць і развіваць супольнасці ў духу братэрства і радасці.

Асобнае месца ў дыскусіях рабочых груп было адведзена феномену лічбавых тэхналогій. Падкрэслівалася, што яны спрыяюць евангелізацыі ў сучасным свеце, аднак нясуць у сабе шэраг негатыўных з’яў, такіх як парнаграфія або кібербулізм. У сувязі з гэтым Сінадальныя Айцы выказалі перакананне ў неабходнасці распрацоўкі “пратаколаў”, якія б спрыялі адказнаму “лічбаваму грамадзянству”.

Выказвалася меркаванне, што часткай культурнага асяроддзя, у якім выхоўваецца сучасная моладзь, павінна стаць сацыяльнае вучэнне Касцёла. Натхнёная яго прынцыпамі, моладзь будзе здольнай ператварыцца ў будаўнікоў грамадства любові, змяняючы свет палітыкі, эканомікі і масавай камунікацыі.

Нарэшце, з прадстаўленых справаздач вынікае перакананне, што Касцёл павінен дапамагаць моладзі ў рэалізацыі паклікання да святасці жыцця, даючы ёй кампетэнтных духоўных кіраўнікоў і распрацоўваючы хрысціянскі лад жыцця, дастасаваны спецыяльна да яе, – спецыфічныя формы малітвы, lectio divina і Эўхарыстычных набажэнстваў.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 кастрычніка 2018, 15:36