Ватыканскія музеі запрашаюць у віртуальны тур
Да ўжо існуючых на іх сайце віртуальных панарам Станцаў Рафаэля, Сікстынскай капэлы, Музеяў К’ярамонці, Піа Клеменціна і Брача Нуова былі дададзены яшчэ дзве: Капэлы Нікаліны і Залы К’яраскуры
Дзякуючы сучасным тэхналогіям карыстальнікі інтэрнэту маюць магчымасць разглядзець гэтыя памяшканні ў перспектыве 360 градусаў і наблізіць дэталі. Гэта дазваляе ім атрымаць глыбокае знаёмства са змешчанымі тут архітэктурнымі і мастацкімі шэдэўрамі.
Першая з новых віртуальных панарам уводзіць у старажытнае памяшканне ватыканскага Апостальскага палаца – прыватную капліцу папы Мікалая V, упрыгожаную фрэскамі знакамітага Фра Беата Анджэліка. Другая – у Залу, якая ў XV стагоддзі выкарыстоўвалася для правядзення “патаемных кансісторыяў”.
Панарамы памяшканняў Ватыканскіх музеяў даступныя на сайце www.museivaticani.va у раздзеле “Collezioni”, падраздзеле “Musei”. Акрамя таго, віртуальным наведвальнікам прапануюць кароткія відэаролікі аб гэтых частках Апостальскага палаца.