Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сустрэча еўрапейскіх іерархаў з старшынствам Савета ЕС

Падтрымаць арыентаванае на чалавека эканамічнае абнаўленне пасля пандэміі – такі заклік прагучаў з боку еўрапейскіх іерархаў падчас сустрэчы з прадстаўніком Славеніі ў ЕС Ізтокам Ярцам

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Размова з удзелам прадстаўнікоў Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (KEK) прайшла ў анлане. У гэтым паўгоддзі Славенія старшынствуе ў Савеце Еўрапейскага Саюза.

Адбыўся абмен думкамі па прыярытэтах славенскага старшынства. Разам з заклікам да неабходнасці падтрымкі арыентаванай на чалавека эканомікі, прадстаўнікі Цэркваў прапанавалі больш эфектыўную каардынацыю палітыкі аховы здароўя ЕС, што павінна паспрыяць большай устойлівасці да будучых такога роду крызісаў. Іерархі таксама лічаць, што для гарантавання ўсім "роўнага доступу" да вакцын неабходны "цэласны падыход" у гандлёвай палітыцы.

Што датычыцца лічбавай і экалагічнай трансфармацыі, касцёльныя лідары адзначылі неабходнасць улічваць "сацыяльнае вымярэнне", падтрымліваючы людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, а таксама адукацыю і культуру для "садзейнічання сацыяльнай згуртаванасці, салідарнасці і братэрству ў Еўропе".

Гаворка ішла таксама пра ўдзел Цэркваў у Канферэнцыі па будучыні Еўропы – шэрагу дыскусій з грамадзянамі і няўрадавымі арганізацыямі аб праблемах і прыярытэтах, якія стаяць перад ЕС – і поўным удзеле ў яе працы моладзі, якая павінна мець магчымасць падзяліцца сваімі марамі пра будучую Еўропу.

COMECE і KEK заклікалі "да абароны і прасоўвання асноўнага права на рэлігійную свабоду" ў Еўропе, што ставілася пад сумнеў падчас пандэміі, а таксама да "ўзмацнення працы ЕС над сапраўды гуманнай міграцыйнай палітыкай".

Плануецца, што ў бліжэйшыя месяцы ўлады Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў сустрэнуцца з урадам Славеніі ў Любляне.
 

20 ліпеня 2021, 12:22