Францішак падчас сустрэчы з Жавенелем Маізам Францішак падчас сустрэчы з Жавенелем Маізам 

Францішак асудзіў забойства Прэзідэнта Гаіці

Францішак асуджае насілле як сродак вырашэння крызісаў і канфліктаў. Аб гэтым гаворыцца ў папскай спачувальнай тэлеграме, скіраванай у сувязі з забойствам Прэзідэнта Гаіці Жавенеля Маіза.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Даведаўшыся пра жудаснае забойства, ахвярай якога стаў Прэзідэнт Гаіці Жавенель Маіз, Яго Святасць Папа Францішак выказвае свае спачуванні гаіцянскаму народу і яго жонцы, таксама цяжка параненай, жыццё якой давярае Богу”, - гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы.

“Узносячы малітвы да Айца міласэрнасці за душу загінулага, Святы Айцец выказвае свой смутак і асуджае ўсе формы насілля як сродак вырашэння крызісаў і канфліктаў. Ён жадае дарагому гаіцянскаму народу будучыні братэрскай згоды, салідарнасці і росквіту, а на знак суцяшэння моліцца аб багацці Божых благаслаўленняў для Гаіці і ўсіх жыхароў краіны”, - адзначаецца ў паведамленні.

53-гадовы Жавенель Маіз быў забіты ў сваёй рэзідэнцыі ў Порт-о-Прэнс 7 ліпеня 2021 г. Падчас нападу была цяжка паранена яго жонка. Палітык знаходзіўся на пасадзе кіраўніка дзяржавы з 7 лютага 2017 г.
 

08 ліпеня 2021, 10:56