Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы заклікаюць Джо Байдэна да ядзернага раззбраення

Амерыканскі епіскапат заклікаў Джо Байдэна зрабіць ядзернае раззбраенне прыярытэтам свайго прэзідэнцтва і ініцыяваць працягненне тэрміну дзеяння дамовы аб скарачэнні колькасці ядзерных боегаловак.

Старшыня Камітэта справядлівасці і міру Канферэнцыі Біскупаў ЗША, арцыбіскуп Дэвід Дж. Малой накіраваў афіцыйную просьбу прадоўжыць двухбаковую дамову паміж Масквой і Вашынгтонам і прыняць далейшыя меры па паступовым раззбраенні краін, якія валодаюць зброяй масавага знішчэння гэтага тыпу.

8 красавіка 2010 г. Расія і ЗША падпісалі дамову New START, у якой абавязваліся скараціць свой ядзерны арсенал і ўтрымліваць яго на значна ніжэйшым ад часоў халоднай вайны ўзроўні. Гаворка ішла аб скарачэнні колькасці ядзерных боегаловак прыблізна на 30%. Прайшло 10 гадоў, і 5 лютага 2021 г. дамова завяршае сваё дзеянне. Абедзве краіны яшчэ не праявілі гатоўнасці яе падоўжыць.

Прадстаўнік епіскапату лічыць гэта “прыярытэтным” пытаннем, якое заключаецца ў мінімізацыі рызыкі прымянення ядзернай зброі. Паводле арцыбіскупа Малой, пагадненне трэба разумець як крок да поўнага ядзернага раззбраення ўсіх краін. Іерархія чакае такіх дзеянняў ад новага Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

З пачатку свайго пантыфікату ў 2013 г. Францішак настойліва рэкамендуе ўсім краінам, якія маюць ядзерную зброю, скараціць гэты тып арсенала. Яго заклік прагучаў асабліва сімвалічна ў 2019 г., падчас падарожжа па Японіі.

Папа пераконвае, што вучэнне Касцёла аб ядзерным раззбраенні рэальна. Не можа быць, каб адна краіна раззброілася, а другая – не, асабліва калі паміж імі існуе палітычная напружанасць. Касцёл аддае перавагу калегіяльнаму і калектыўнаму падыходам, заклікаючы ўсе краіны, якія валодаюць ядзернай зброяй (ЗША, Расію, Вялікабрытанію, Францыю, Кітай, Індыю, Пакістан, Паўночную Карэю, Ізраіль), супольна ўзяць на сябе абавязацельствы па скарачэнні свайго арсенала.
 

19 студзеня 2021, 12:30