Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец спачувае пасля тэракту ў Вене

Папу глыбока кранула тое, што здарылася ў Вене вечарам 2 лістапада 2020 г. Ад рук ісламістаў там загінулі 4 чалавекі, 17 былі паранены. Арцыбіскуп Венскі атрымаў адмысловую тэлеграму з Ватыкана.

“Яго Святасць выказвае глыбокае спачуванне сваякам загінулых і ўсяму аўстрыйскаму народу. Ён таксама сведчыць сваю блізкасць да пацярпелых і моліцца аб іх хуткім выздараўленні. Францішак давярае ахвяр Божай міласэрнасці і моліцца да Пана аб спыненні гвалту і нянавісці, садзейнічанні мірнаму суіснаванню ў грамадстве. Яго Святасць ад усяго сэрца суправаджае ўсіх, хто пацярпеў у гэтай трагедыі, сваім благаслаўленнем”, - гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара.

Каталіцкі Касцёл у Аўстрыі арганізаваў у катэдры св. Стэфана “гадзіну памяці і жалобы”. Ушанаваць памяць ахвяр тэракту, які адбыўся ўвечары 2 лістапада ў цэнтры Вены, сабраліся прадстаўнікі Цэркваў і рэлігійных супольнасцей, вядучыя палітыкі.

Набажэнства ўзначалілі арцыбіскуп Венскі, кардынал Крыстаф Шонбарн, лютэранскі епіскап Міхаэль Халупка і праваслаўны Мітрапаліт Арсеній. У ім удзельнічалі таксама старшыня ісламскай супольнасці ў Аўстрыі Уміт Вурал і намеснік старшыні яўрэйскай рэлігійнай супольнасці Клаўдыя Пручэр.

На “гадзіне памяці і жалобы” ў катэдры св. Стэфана прысутнічаў амаль увесь урад на чале з канцлерам Себасцьянам Курцам, а таксама Прэзідэнт Аляксандр Ван дэр Бэлен, спікер парламента Вольфганг Соботка і мэр Вены Міхаэль Людвіг.
 

04 лістапада 2020, 11:20