Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Католікі Вялікабрытаніі салідарныя з народам Беларусі

Касцёл у Англіі і Уэльсе далучыўся да малітоўнай ініцыятывы ў падтрымку справядлівасці і міру ў Беларусі. 18 жніўня 2020 г. у касцёлах Вялікабрытаніі прагучала “Ойча наш”.

Старшыня Камісіі па міжнародных справах Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса, біскуп Дэклан Ланг ад імя епіскапату заклікаў брытанскі ўрад да супрацоўніцтва з іншымі краінамі з мэтай вырашэння праблемы парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

“Мы салідарныя з беларускім народам і глыбока занепакоены самавольнымі затрыманнямі і катаваннямі людзей, якія мірна патрабуюць дэмакратычных рэформ. Мы заклікаем наш урад працягваць сваё важнае супрацоўніцтва з іншымі краінамі для вырашэння праблем, звязаных з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека, і падтрымліваць дыялог, у якім удзельнічаюць усе бакі, каб спыніць гвалт, як таго патрабуе Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі”, - заявіў біскуп Ланг.

Нагадаем, Выканаўчы камітэт Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру Iustitia et Pax выступіў са спецыяльнай заявай адносна цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, заклікаўшы католікаў Еўропы 18 жніўня 2020 г. аб’яднацца ў малітве за народ краіны.
 

19 жніўня 2020, 13:13