Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Каталіцкія школы Італіі змагаюцца за выжыванне

Пра цяжкую сітуацыю каталіцкай школьнай адукацыі ў перыяд пандэміі каронавіруса распавяла Vatican News старшыня Федэрацыі каталіцкіх школ Італіі Вірджынія Каладзіч.

Яна заўважыла, што ва ўмовах пандэміі гэтыя школы змагаюцца за выжыванне. Паводле ацэнак епіскапату, кожная трэцяя ці нават кожная другая з іх будзе закрыта да канца гэтага году. У адрозненні ад іншых краін ЕС, у Італіі дзейнасць каталіцкіх школ амаль цалкам аплачваецца бацькамі, але многія з іх не могуць сабе дазволіць гэтага падчас актуальнага крызісу.

Каталіцкія школы Італіі папрасілі дзяржаву аб фінансавай падтрымцы ў гэты час, каб вызваліць бацькоў ад нагрузкі плаціць заробак настаўнікам, але Міністэрства адукацыі прызнала толькі разавую дапамогу ў памеры 2,9 млн еўра. Паводле Каладзіч, гэта знак грубай дыскрымінацыі. Яна заўважыла, што ўлады ігнаруюць каталіцкія школы ў дэкрэтах і пастановах, у тым ліку тых, якія былі прыняты ў сувязі з сітуацыяй, выкліканай пандэміяй.

Італія з’яўляецца краінай з самай старадаўняй традыцыяй касцёльных школ. Некалі менавіта яны пачалі распаўсюджваць адукацыю сярод самых бедных слаёў насельніцтва. На сённяшні дзець у краіне налічваецца каля 12 тыс. каталіцкіх школ, у якіх вучацца каля 900 тыс. дзяцей і падлеткаў. Не фінансуючы іх дзейнасць, дзяржава пакідае сабе 6 мільярдаў еўра ў год.
 

25 красавіка 2020, 14:40