Vatican News

Штучны інтэлект дапаможа ватыканскім педыятрам лячыць дзяцей

28 лютага 2020 г. ватыканская бальніца Bambino Gesù (Дзіцятка Езуса) і амерыканская кампанія IBM аб’явілі аб шматэтапным стратэгічным супрацоўніцтве.

Гаворка ідзе пра ўдасканаленне педыятрычных даследаванняў і іх больш хуткае выкарыстанне для лячэння маленькіх пацыентаў.

Па словах віцэ-прэзідэнта IBM Джона Кэлі III, “не многія задачы могуць быць больш важнымі для грамадства, чым выкарыстанне штучнага інтэлекту для клопату пра дзяцей, якія больш за ўсё маюць патрэбу ў дапамозе”.

Супрацоўніцтва паміж ватыканскай бальніцай і амерыканскай кампаніяй засяродзіцца на лячэнні пухлін галаўнога мозгу ў дзяцей: будуць распрацоўвацца адмысловыя алгарытмы для паскарэння дыягностыкі і лячэння пацыентаў, якія пакутуюць ад медулабластомы, на долю якой прыпадае 15-20% усіх пухлін галаўнога мозгу ў дзяцей. Таксама тэхналогіі штучнага інтэлекту дапамогуць у лячэнні так званых рэдкіх захворванняў, якія мае ад 6-8 % насельніцтва Еўрасаюза, прычым больш за дзве траціны пацыентаў – дзеці.

З дапамогай персаналізаванай медыцыны і інавацыйных метадаў лячэння Bambino Gesù – найбуйнейшая ў Еўропе дзіцячая бальніца і даследчы цэнтр – аказвае дапамогу дзецям і падлеткам, незалежна ад іх грамадзянства. Бальніца працуе не толькі ў Італіі, але і ў многіх краінах, якія развіваюцца, уключаючы Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, Танзанію і Эфіопію.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 лютага 2020, 14:04