Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы ЗША асудзілі хвалю насілля ў краіне

Насілле, звязанае з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі, стала бедствам, якое працягвае бескантрольна пашырацца па ўсёй нашай краіне, заўважылі біскупы ЗША.

Кардынал Даніэль Дзінарда, старшыня амерыканскага епіскапату, і біскуп Фрэнк Дзювэйн, старшыня біскупскай Камісіі па пытаннях справядлівасці і чалавечага развіцця, скіравалі спецыяльную ноту ў сувязі з масавай стралянінай, якая на працягу апошніх дзён мела месца ў Тэхасе, Каліфорніі, Агая і Ілінойсе і прывяла да гібелі каля 40 чалавек.

Іерархі падкрэслілі, што “сітуацыя павінна змяніцца”, для чаго неабходна “эфектыўнае заканадаўства, якое зможа адказаць на прычыны” таго, чаму ў амерыканскім грамадстве “працягваюць адбывацца неймаверныя і перыядычныя здарэнні, звязаныя з насіллем і забойствамі з выкарыстаннем зброі”.

“Застаецца штосьці ў корані злое ў нашым грамадства, калі месцы, дзе людзі збіраюцца, каб займацца будзённай дзейнасцю, могуць без папярэджання ператварыцца ў  арэны насілля і пагарды да чалавечага жыцця”, - напісалі біскупы. Яны запэўнілі ў малітве за ахвяр і параненых у выніку нападаў, падкрэсліваючы неабходнасць пакласці канец гэтым непрымальным здарэнням.

Сваю занепакоенасць хваляй насілля ў ЗША падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 4 жніўня 2019 г. у Ватыкане, выказаў Францішак. Ён запэўніў у малітве за ўсіх, хто пацярпеў у выніку страляніны, а таксама за членаў іх сем’яў.

Цягам апошніх дзён выпадкі насілля з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі адбыліся ў публічных месцах у чатырох амерыканскіх штатах. Яшчэ 29 ліпеня ў Каліфорніі злачынца расстраляў чатыры асобы. 4 жніўня ў Тэхасе ад рук іншага мужчыны загінулі 20 чалавек. Пазней аналагічны напад прывёў да гібелі дзевяці чалавек у Агая. Вечарам страляніна адбылася ў Чыкага, штат Ілінойс, дзе раненні атрымалі сем чалавек.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 жніўня 2019, 12:08