Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН пра чалавека ў працоўным працэсе

Аб неабходнасці прызнаць за чалавекам цэнтральнае месца ў працоўным працэсе, казаў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выступіў у Нью-Ёрку падчас урачыстага сходу ў гонар 100-годдзя з дня стварэння Міжнароднай арганізацыі працы.

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што падмурак, на якім была створана Арганізацыя, змяшчаецца ў яе дэвізе: Калі хочаш міру, культывуй справядлівасць. Гэта таксама пацвярджае прэамбула да яе статута, дзе гаворыцца, што сапраўдны і трывалы мір можа быць пабудаваны толькі на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці. Удзел у місіі па мірабудаўніцтве быў прызнаны на сусветным узроўні: Міжнародная арганізацыя працы стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру ў 1969 г.

Іерарх адзначыў, што будучыня свету працы – у засяроджанасці на чалавеку. Гэты падыход разглядае асобу ў кожным яе аспекце, не толькі ў якасці работніка, але і ў якасці члена сям’і і супольнасці. Чалавек важнейшы за працу, якую выконвае.

Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН звярнуў увагу, што з такой канцэпцыі вынікаюць сур’ёзныя наступствы: доступ да годнай працы для кожнага чалавека, чаго не змагла да сённяшняга дня гарантаваць сусветная эканоміка, і інтэграцыя ў працу экалагічнай парадыгмы, аб чым часта нагадвае папа Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 мая 2019, 13:22