Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: свет павінен спрыяць плённасці “жаночага генія”

Святы Пасад заклікае міжнародную супольнасць распрацоўваць эфектыўныя сістэмы грамадскіх паслуг, праграмы сацыяльнай аховы і ўстойлівую інфраструктуру на карысць жанчын.

Аб праблемах, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў сучасным грамадстве, і неабходнасці спрыяць паляпшэнню іх жыцця праз адпаведныя сацыяльныя праграмы і паслугі гаварыў Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса падчас 63-й сесіі Камісіі па становішчы жанчын. Яе праца трывае з 11 па 22 сакавіка 2019 г. у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

У сваёй прамове іерарх падкрэсліў, што па-ранейшаму “у многіх краінах жанчыны пакутуюць па прычыне стыгматызацыі, а таксама сацыяльных і эканамічных невыгод”. Нярэдка каштоўны ўнёсак жанчын у дабрабыт грамадства і эканоміку краіны праз іх клопат аб сям’і, догляд за дзецьмі і састарэлымі людзьмі, праз свядомы выбар прафесій, якія патрабуюць бескарыслівага прысвячэння сябе служэнню найбольш уразлівым членам грамадства, застаецца недаацэненым.

Жанчыны працягваюць падвяргацца насіллю, нярэдка аказваюцца неабароненымі як маці. Хоць многія краіны і занепакоены спадам нараджальнасці, аднак не маюць належных праграм і сістэмы грамадскіх паслуг, якія б стварылі неабходныя ўмовы для годнага мацярынства, заўважыў арцыбіскуп Ауса.

“[Праграмы сацыяльнага забеспячэння павінны гарантаваць жанчынам прызнанне і сацыяльную абарону, якой яны заслугоўваюць. Без гэтага многія з іх працягнуць пакутаваць па прычыне дыскрымінацыі і сацыяльнай несправядлівасці]”

, - перакананы ватыканскі дыпламат.

“Святы Пасад бесперапынна настойвае на абсалютнай неабходнасці паважаць уласцівую жанчынам годнасць, пазбягаючы дарэмнага ідэалагічнага і палітычнага падтэксту”, - сказаў арцыбіскуп Ауса.

Іерарх заклікаў міжнародную супольнасць падтрымліваць “жаночы геній” – “глыбокія і ўнікальныя дары, якія толькі жанчына можа прапанаваць свету”, каб з іх дапамогай “узбагаціць разуменне свету і зрабіць чалавечыя ўзаемаадносіны больш шчырымі і аўтэнтычнымі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 сакавіка 2019, 12:52