Падчас агульнай аўдыенцыі. 1 мая 2024 года Падчас агульнай аўдыенцыі. 1 мая 2024 года  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа прапанаваў Святую Сям’ю як узор і заклікаў маліцца за мір

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі 1 мая 2024 года Папа нагадаў пра літургічны ўспамін святога Юзафа рамесніка і заклікаў маліцца за мір.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Сёння, 1 мая, разам з усім Касцёлам мы ўспамінаем святога Юзафа рамесніка і распачынаем марыйны месяц. Таму я хацеў бы прапанаваць кожнаму з вас Святую Сям’ю з Назарэта як узор хатняй супольнасці, супольнасці жыцця, працы і любові”, - звярнуўся Францішак да сабраных у ватыканскай Зале імя Паўла VI.

Святы Айцец папрасіў вернікаў “не забывацца маліцца за мір”. “Памолімся за народы, якія сталі ахвярамі вайны. Вайна заўсёды правальная, заўсёды. Давайце падумаем пра змучаную Украіну, якая так пакутуе, давайце падумаем пра народы Палесціны і Ізраіля, якія ваююць, давайце падумаем пра народ рахінджа, пра М'янму і папросім міру, папросім сапраўднага міру для гэтых народаў і для ўсяго свету. На жаль, сёння найбольшы прыбытак прыносяць інвестыцыі ў вытворчасць зброі. Гэта жудасна – рабіць грошы на смерці. Будзем прасіць міру, няхай будзе мір!” - сказаў Папа.
 

01 мая 2024, 11:14