Навучэнцы Рымскай папскай вышэйшай духоўнай семінарыі. 17.12.2022 Навучэнцы Рымскай папскай вышэйшай духоўнай семінарыі. 17.12.2022  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак прызначыў новае кіраўніцтва рымскай семінарыі

Папа падпісаў дэкрэт, якім унёс змены ў працэс падрыхтоўкі да святарства на тэрыторыі Рымскай дыяцэзіі і прызначыў новага рэктара Рымскай папскай вышэйшай духоўнай семінарыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак усклаў на дапаможнага біскупа Рымскай дыяцэзіі Мікеле дзі Толвэ, якога прызначыў на пасаду рэктара, заданне ўмацавання адносін паміж структурамі і ініцыятывамі, якія ўдзельнічаюць у працэсе падрыхтоўкі да святарства на тэрыторыі Рымскай дыяцэзіі, а таксама каардынацыі іх дзейнасці. Дапамагаць яму іншы дапаможны біскуп Рымскай дыяцэзіі Балдасарэ Рэйна, прызначаны тым жа дэкрэтам віцэ-рэктарам семінарыі.

Біскуп дзі Толвэ, згодна з пажаданнем Пантыфіка, будзе выконваць свой мандат па ўзгадненні з Біскупскай радай Рымскай дыяцэзіі, а ў справах большай важнасці падпарадкоўваецца непасрэдна Біскупу Рыма.

Нагадаем, 6 студзеня 2023 года апостальскай канстытуцыяй In Ecclesiarum CommunioneФранцішак рэарганізаваў працу Рымскага вікарыята з мэтай большай калегіяльнасці. Ён стварыў новыя органы кантролю за фінансамі і злоўжываннямі, абмежаваў паўнамоцтвы кіраўнічага персаналу да максімум пяці двухгадовых тэрмінаў. 

Святы Айцец значна ўмацаваў ролю Біскупскай рады, якая стала “галоўным органам сінадальнасці” і “вярхоўным месцам распазнавання і душпастырскіх і адміністрацыйных рашэнняў” у Рымскай дыяцэзіі. Старшынствуе ў гэтым калегіяльным органе ён сам.

05 ліпеня 2023, 15:07