Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абвешчана тэма Сусветнага дня мігранта і бежанца

“Свабодныя выбіраць: міграваць або застацца”, - так гучыць тэма 109-га Сусветнага дня мігранта і бежанца. 21 сакавіка 2023 года яе абнародавала Дэкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сусветны дзень мігранта і бежанца заснаваў у 1914 г. Пій X. Раней яго адзначалі ў Касцёле ў Другую звычайную нядзелю літургічнага года. Пачынаючы з 2019 г., згодна з рашэннем Францішка, ён адзначаецца ў апошнюю нядзелю верасня – сёлета гэта будзе 24 верасня.

Традыцыйна Папа скіроўвае спецыяльнае пасланне з нагоды Сусветнага дня мігранта і бежанца. Яно будзе абнародавана за некалькі месяцаў да падзеі. У 2023 годзе Святы Айцец прапануе звярнуць увагу на важнасць захавання свабоды выбару чалавека ў прыняцці рашэння адносна міграцыі.

Яшчэ Бэнэдыкт XVI казаў, што існуе права чалавека не міграваць – жыць на сваёй зямлі, а не ўцякаць ад вайны, пераследу, голаду ці беднасці. Францішак звяртаўся да гэтай тэмы пасля свайго падарожжа ў Ірак. У размове з журналістамі падчас пералёту з Багдада ў Рым, ён заўважыў, што ў адносінах да міграцыі ёсць два права: права не міграваць і права міграваць. Папа з жалем прызнаваў, што ў іракцаў няма ніводнага з іх: яны не могуць не міграваць з-за ўнутраных праблем і не могуць міграваць, таму што свет яшчэ не дастаткова ўсвядоміў, што міграцыя – гэта права чалавека.

21 сакавіка 2023, 12:07