Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: яслі адкрываюць сапраўдны сэнс Божага Нараджэння

Беднасць ясляў паказвае, што сапраўднае багацце не ў грошах ці ўладзе, а ў адносінах і людзях, - падкрэсліў Папа падчас святой Імшы ў вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 2021 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У гаміліі Пантыфік, адзначыў, што за святочнымі аздабленнямі, падарункамі і спажывальніцкімі адносінамі, “што засланілі таямніцу, якую святкуем”, мы рызыкуем забыць пра сапраўднае значэнне Божага Нараджэння. Але Евангелле “бярэ нас за руку і прыводзіць туды, куды хоча Бог”: да бэтлеемскіх ясляў, у якія Марыя паклала свайго нованароджанага Сына.

Францішак падкрэсліў, што пра яслі тройчы на працягу некалькі радкоў евангельскага тэксту ўзгадвае святы Лука, імкнучыся з іх дапамогай паказаць нам “блізкасць, беднасць і канкрэтнасць” Бога ў Яго Сыне Езусе. Яслі – гэта “маніфест”, з якім Хрыстус з’яўляецца на арэне свету, гэта Божы спосаб “нарадзіцца ў гісторыі, каб ажывіць гісторыю”.

Пантыфік заўважыў, што яслі могуць сімвалізаваць адзін з аспектаў чалавецтва: прагнасць да спыжывання. “У той час як жывёлы кормяцца ў сваіх стойлах, мужчыны і жанчыны ў нашым свеце, прагнучы багацця і ўлады, паглынаюць нават сваіх суседзяў, сваіх братоў і сясцёр”, - адзначыў ён, з жалем дадаючы, што войны, галеча і несправядлівасць паглынаюць самых слабых і безабаронных, а ў першую чаргу, дзяцей.

Тым не менш, Бог “прыйшоў туды, дзе паглынаецца ежа, каб зрабіць сябе нашай ежай”. “Калядныя яслі, першая вестка Немаўляці, кажуць нам, што Ён з намі, любіць нас, шукае нас. Таму будзь мужным, не дазваляй, каб цябе апанаваў страх, роспач, расчараванне... Божае Нараджэнне азначае, што Бог побач: няхай адродзіцца давер!”, - пажадаў Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу на пасланне беднасці, выражанае ў яслях Езуса. “Яслі нагадваюць нам, што побач з Езусам не было нікога, акрамя тых, хто любіў Яго: Марыі, Юзафа і пастушкоў. Усе яны былі людзьмі беднымі, якіх яднала любоў і здзіўленне, а не багацце і вялікія магчымасці. Такім чынам, беднасць ясляў паказвае нам дзе знаходзіцца сапраўднае багацце жыцця: не ў грошах і ўладзе, але ў адносінах і людзях”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа адзначыў, што найвялікшае багацце – гэта сам Езус, а дасягнуць Яго можна, служачы Яму ў бедных нашага свету. “Нялёгка пакінуць утульную цеплыню свецкага жыцця, каб прыняць яркую прыгажосць Бэтлеемскага грота, але давайце памятаць, што сапраўдных Каляд не бывае без бедных”, - сказаў Пантыфік.

Нарэшце, Святы Айцец звярнуў увагу на “канкрэтнасць” Езуса, які ляжыць у яслях. Хрыстус “не казаў шмат прамоў пра беднасць, але пражыў ёй да канца дзеля нас”. “Той, які нарадзіўся ў яслях, шукае канкрэтнай веры, якая складаецца з адарацыі і міласэрнай любові, а не са слоў і стварэння выгляду”, - заўважыў Пантыфік.

“Ён, якога Марыя ласкава спавіла ў пялюшкі, хоча, каб мы апрануліся ў любоў. Бог жадае не выгляду, а канкрэтнасці. Не дапусцім, каб гэтыя Каляды прайшлі, а мы не зрабілі нічога добрага. Паколькі гэта Яго свята, Яго дзень нараджэння, давайце зробім Яму падарункі, якія падабаюцца Яму! У Божае Нараджэнне Бог канкрэтны: у Яго імя давайце ажывім маленькую надзею ў тых, хто яе страціў!”, - заклікаў Папа.

“Езу, мы ўзіраемся ў Цябе, пакладзенага ў яслях. Мы бачым Цябе як блізкага, Ты побач з намі заўсёды: дзякуй Табе, Пане! Мы бачым цябе бедным, навучаючым, што сапраўднае багацце знаходзіцца не ў рэчах, а ў людзях, асабліва ў бедных: прабач нам, калі мы не распазналі Цябе ў іх і не служылі Табе ў іх. Мы бачым Цябе канкрэтным, таму што Твая любоў да нас канкрэтная: дапамажы нам уцелавіць і ажывіць нашу веру”, - завяршыў гамілію Пантыфік.

24 снежня 2022, 20:26