Аўдыенцыя для супольнасці Папскага пабожнага лацінаамерыканскага калегіума Аўдыенцыя для супольнасці Папскага пабожнага лацінаамерыканскага калегіума 

Францішак святарам: прабываць з Езусам і абвяшчаць Яго

Прабываць разам з Езусам і выходзіць, каб абвяшчаць Яго – вось сэнс быцця “місійнымі вучнямі”, - адзначыў Пантыфік падчас сустрэчы са святарамі з краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

28 лістапада 2020 года Францішак прыняў на аўдыенцыі супольнасць Папскага пабожнага лацінаамерыканскага калегіума (Pontifico Collegio Pio Latinoamericano). Ён заклікаў сваіх гасцей разумець перыяд фармацыі ў Рыме як час ласкі, які Пан дае не толькі для ўзрастання на інтэлектуальным і акадэмічным узроўні, але таксама, каб спазнаць багацце і разнастайнасць Паўсюднага Касцёла. Папа нагадаў, што гэта разнастайнасць характарызуе таксама Лацінскую Амерыку, куды выхаванцы структуры вернуцца пасля заканчэння вучобы.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей трываць у еднасці паміж сабой і з Хрыстом, памятаць, што з’яўляюцца Яго слугамі і былі пакліканы, каб “прабываць з Ім”, адпачываць “у Яго прысутнасці і распавядаць Яму пра перажытае”, з упэўненасцю, што “Пан ведае ў чым маем патрэбу і мае, што сказаць нам у кожнай сітуацыі”.

Спасылаючыся на свята святога Андрэя, якое будзе адзначацца ў Касцёле 30 лістапада, Францішак нагадаў, што сустрэча з Езусам не пакінула гэтага апостала раўнадушным: ён адразу пайшоў да Пятра і прывёў яго да Хрыста, як сапраўдны місіянер. “Нас таксама чакаюць нашы браты і сёстры, асабліва тыя, хто яшчэ не зведаў любові і міласэрнасці Пана, каб мы маглі абвяшчаць ім Добрую Навіну Езуса і весці іх да Яго. Выходзьце, рухайцеся, нясіце Евангелле – вось, што значыць быць місіянерамі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей прабываць разам з Езусам і выходзіць, каб абвяшчаць Яго, ідучы таксама да бедных, мігрантаў, хворых, зняволеных, найменшых і забытых грамадствам, “каб дзяліцца з імі жыццём і абвяшчаць безумоўную любоў Бога”, “бо Езус прысутнічае ў гэтых самых уразлівых братах і сёстрах і ў іх чакае нас асаблівым чынам”.
 

28 лістапада 2022, 11:58