Сустрэча з удзельнікамі канферэнцыі аб душпастырстве франкамоўных католікаў за мяжой Сустрэча з удзельнікамі канферэнцыі аб душпастырстве франкамоўных католікаў за мяжой 

Папа: слухаць Святога Духа, каб змяняць свет і абнаўляць Касцёл

Сінод – гэта час ласкі, працэс пад кіраўніцтвам Духа, які абнаўляе ўсё, які вызваляе ад марнасці, ад нашай закрытасці, ад нашых пастырскіх схем, якія паўтараем, ад страху, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 кастрычніка 2022 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Душпастырскіх дзён франкамоўных каталіцкіх супольнасцей у свеце. У першую чаргу ён заклікаў сваіх гасцей захоўваць адзінства, нагадваючы, што менавіта яно характарызавала першых вучняў Хрыста, якія пасля Унебаўшэсця Пана пачалі збірацца разам у вячэрніку.

“Таксама і мы пакліканы сустракацца і заставацца з’яднанымі, і скіроўвацца да іншых, даючы ўзрушыць сябе пытаннямі нашых братоў, каб дапамагаць адзін аднаму і ўзбагачацца разнастайнасцю харызматаў, пакліканняў і служэнняў”, - дадаў ён.

“Будучы моцнымі ў нашых культурнай разнастайнасці, адметнасцях у падыходзе да веры, мы становімся экспертамі ў мастацтве сустрэчы”, - сказаў Папа, заклікаючы французскіх католікаў у розных краінах свету быць інтэграванымі ў мясцовыя каталіцкія супольнасці.

“Сустрэча можа змяніць жыццё, а Евангелле поўнае такіх сустрэч з Хрыстом, якія ўздымаюць і аздараўляюць. Сустрэча патрабуе адкрытасці, адвагі, гатоўнасці ўзрушыцца гісторыяй іншага. Сустрэча перамяняе нас і адкрывае перад намі новыя шляхі, якія мы нават не маглі ўявіць”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што першых вучняў Езуса характарызавала таксама настойлівая малітва: мы часта забываем пра яе, але яна неабходна для таго, каб пачуць, што Святы Дух хоча сказаць Касцёлу. У сувязі з гэтым Пантыфік скіраўваў свае думкі да Сінода, які назваў “шляхам духоўнага распазнавання, касцёльнага распазнання, што здзяйсняецца ў першую чаргу падчас адарацыі, на малітве, у кантакце з Божым словам, а не на падставе нашай волі, нашых ідэй і нашых задум”.

Францішак падкрэсліў, што сінадальнасць прадугледжвае ўважлівае слуханне Бога, каб зразумець якім шляхам Ён запрашае ісці. “Менавіта слуханне Яго слова адкрывае нас на распазнаванне і асвячае нас. Калі яно не будзе знаходзіцца ў сэрцы і аснове сінадальнасці, мы рызыкуем звесці гэты час ласкі да чарговага касцёльнага пасяджэння,  навуковых дэбатаў ці да пэўнага роду парламенту. Сінод – гэта час ласкі, працэс пад кіраўніцтвам Духа, які абнаўляе ўсё, які вызваляе нас ад марнасці, ад нашай закрытасці, ад нашых пастырскіх схем, якія паўтараем, і ад страху”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што Святы Дух даў вучням Хрыста здольнасць размаўляць рознымі мовамі, вызваліцца ад страху і адкрыць сэрцы. “І гэта перамена сэрцаў дазваляе нам змяніць свет, абнавіць аблічча Касцёла. Дух, які жыве ў нас, бароніць ад духоўнай састарэласці, робіць нас мужнымі ў нясенні Евангелля ўсім, заўсёды па-новаму. Мы, хрысціяне, не можам задавальняцца тым, што былі асветлены і запалены Духам, узбагачаны Яго дарамі, не адчуваючы сябе пакліканымі перадаваць гэты агонь, сведчыць пра “вялікія справы Божыя” у нашым жыцці праз якасць нашых сустрэч, нашу ўвагу і нашу братэрскую любоў”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

14 кастрычніка 2022, 11:04