Францішак смуткуе ў сувязі са смерцю заснавальніка La Repubblica
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец “са смуткам прыняў паведамленне пра смерць свайго сябра”, - адзначыў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні. Папа “захоўвае цёплыя ўспаміны пра сустрэчы” з журналістам і пра “грунтоўныя размовы адносна галоўных пытанняў чалавека, якія вёў з ім на працягу многіх гадоў”, а таксама “ў малітве давярае яго душу Пану, каб прыняў яго і суцешыў яго блізкіх”, - дадаў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.
Паміж Францішкам і Эўджэніа Скальфары сяброўскія адносіны ўстанавіліся адразу пасля абрання Хорхэ Бэрголіа на Пасад святога Пятра. Ліставанне, інтэрв’ю, сустрэчы, размовы паміж імі былі пакладзены ў аснову кнігі “Дыялог паміж вернікамі і няверуючымі” (Dialogo tra credenti e non credenti), якая пабачыла свет у кастрычніку 2013 года, а таксама шматлікіх артыкулаў аб стасунках паміж верай і свецкасцю, што публікаваліся на старонках La Repubblica.
Святы Айцец падзяліўся сваімі ўспамінамі пра Эўджэнія Скальфары, якія 15 ліпеня 2022 года апублікавалі італьянскія выданні La Repubblica i La Stampa. “Эўджэніа быў інтэлектуалам, адкрытым на сучаснасць, адважным, шчырым, калі расказваў пра свае страхі, ніколі не тужыў па хвалебнай мінуўшчыне, але быў скіраваны ў будучыню, насіў у сабе цень расчаравання, але таксама вялікую надзею на лепшы свет”, - заўважыў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што падчас іх прыемных і глыбокіх вечаровых размоў Скальфары называў сябе няверуючым, але заўсёды задаваўся пытаннем пра прысутнасць Бога, пра сэнс жыцця і веры, прагнуў ведаў і сведчання, якія маглі б узбагаціць разуменне сучаснасці, а таксама быў энтузіястам і чалавекам, закаханым у журналістыку.