Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да іспанскага Caritas: выходзіць насустрач бедным

“Мы не можам чакаць, калі бедныя пастукаюць у нашы дзверы; мы павінны ісці ім насустрач”, - напісаў Папа ў пасланні з нагоды 75-годдзя іспанскага аддзялення Caritas.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак падзякаваў супрацоўнікаў і валанцёрам каталіцкай дабрачыннай арганізацыі за шматлікія гады евангелізацыйнай місіі, якую спаўняюць “са здольнасцю бачыць аблічча Укрыжаванага Хрыста ў многіх людзях, якія пакутуюць, прапануючы ім сяброўства, дапамогу і суцяшэнне”.

Святы Айцец заўважыў, што юбілей з’яўляецца нагодай для падзякі за дары, якімі Бог адорвае штодзённа, і для распазнання, пад кіраўніцтвам Святога Духа, шляхоў новага этапу гісторыі арганізацыі. Папа таксама даў некалькі парадаў.

“Па-першае вы павінны памятаць, што пакліканнем Caritas заўсёды з’яўляецца шлях маргіналізаваных і апошніх. Бедныя – прывілеяваныя адрасаты Евангелля і займаюць асаблівае месца ў сэрцы Бога, да такой ступені, што Ён сам стаў бедным”, - падкрэсліў Папа. “Мы не можам чакаць, калі яны прыйдуць стукаць у нашы дзверы; мы павінны ісці ім насустрач, шукаць іх цэласнага дабра і іх поўнага развіцця, прызнаючы іх годнасць і правы”, - дадаў Пантыфік.

Францішак заклікаў наследаваць стыль Бога, які шукае самых слабых і набліжаецца да іх, каб агарнуць клопатам са спагадай і ласкавасцю. Шлях міласэрнасці “патрабуе пастаяннага навяртання і прыпадабнення да Хрыста, бо толькі ў той меры, у якой здолеем набываць Яго пачуцці і паводзіны, наша любоў стане больш актыўнай і плённай”, - напісаў Папа.

Святы Айцец заахвоціў таксама глядзець на рэчаіснасць, улічваючы яе зменлівасць. “Новая рэальнасць беднасці, кліча нас клапаціцца пра людзей і пра наш супольны дом, быць гатовымі прайсці сцежкамі культуры сустрэчы і міласэрнай любові, злучаючы мясцовае з глабальным, пачынаючы з тых, хто знаходзіцца побач, але маючы перад сабой паўсюдны гарызонт”. Папа заклікаў працягваць ажыццяўляць дзейнасць і праекты, якія выходзяць за рамкі нацыяльнаных межаў, “на карысць шматлікіх братоў і сясцёр, якія патрабуюць нашай блізкасці, нашай любові і нашай салідарнасці”.
 

30 чэрвеня 2022, 10:38