Аўдыенцыя для будысцкай дэлегацыі з Манголіі Аўдыенцыя для будысцкай дэлегацыі з Манголіі 

Папа: нельга злоўжываць рэлігіяй для апраўдання насілля і нянавісці

Езус Хрыстус і Буда вучаць непрыняццю насілля, - нагадаў Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі афіцыйных прадстаўнікоў мангольскага будызму, якую прыняў 28 мая 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік падкрэсліў, што “сёння мір з’яўляецца гарачым жаданнем чалавецтва”, таму “тэрмінова неабходна прасоўваць культуру міру і ненасілля і працаваць дзеля гэтага”. “Гэты дыялог павінен запрашаць усіх адмовіцца ад насілля ва ўсіх яго формах, уключаючы насілле ў адносінах да навакольнага асяроддзя. На жаль, ёсць тыя, хто працягвае злоўжываць рэлігіяй, ужываючы яе для апраўдання актаў насілля і нянавісці”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Езус вучыць любові да Бога, да ворагаў, логіцы прабачэння, а таксама таму, што “сапраўдным полем бітвы, на якім сутыкаюцца насілле і мір, з’яўляецца сэрца чалавека”. Менавіта “праз шлях ненасілля, які прывёў яго на крыж, Езус знішчыў варожасць”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што вучэнне пра ненасілле адпавядае і будызму.

“У свеце, спустошаным канфліктамі і войнамі, як рэлігійныя лідары, глыбока ўкаранёныя ў нашых рэлігійных вучэннях, мы абавязаны абуджаць у чалавецтва жаданне адмовіцца ад насілля і будаваць культуру міра”, - дадаў Францішак.

Папа заклікаў мангольскіх будыстаў умацаваць сяброўства, падкрэсліваючы, што Манголія мае доўгую традыцыю мірнага суіснавання паміж рэлігіямі. “Жадаю, каб гэтага старажытная гісторыя гармоніі ў разнастайнасцях магла працягвацца сёння праз сапраўднае ажыццяўленне свабоды веравызнання і прасоўванне сумесных ініцыятыў на карысць агульнага дабра. Ваша прысутнасць тут сёння з’яўляецца сама па сабе знакам надзеі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аўдыенцыя для дэлегацыі мангольскіх будыстаў была прымеркавана да 30-годдзя дзейнасці Апостальскай прэфектуры ў Манголіі і дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Манголіяй.
 

28 мая 2022, 11:36