Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа прыме ўдзел у тэлемосце з амерыканскімі студэнтамі

Папа паразмаўляе са студэнтамі з розных частак амерыканскага кантынента. Анлайн-сустрэча пад назвай “Будаванне мастоў паміж Поўначчу і Поўднем” пройдзе вечарам 24 лютага 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак звернецца да ўдзельнікаў тэлемоста пасля ўступнага слова амерыканскага кардынала Блэза Супіча, арцыбіскупа Чыкага, і прафесара Эмільсэ Куды, выкладчыцы Папскага аргентынскага каталіцкага ўніверсітэта і сакратара Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыцы.

Затым прадстаўнікі кожнай з рэгіянальных груп раскажуць Святому Айцу пра сваю працу і праекты, а таксама зададуць пытанні пра сучаснасць і будучыню іх краін, пакалення і жыцця. Дыялог адбудзецца згодна з сінадальнай метадалогіяй: “сустракацца, слухаць, распазнаваць”. За ім можна будзе сачыць дзякуючы прамой трансляцыі на англійскай, іспанскай і партугальскай мовах на сайце www.luc.edu.

Ініцыятыва мае на мэце аблегчыць сапраўдны і канструктыўны дыялог паміж студэнтамі ўніверсітэтаў з Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, падтрымаць іх здольнасці будаваць масты і трывалыя адносіны, якія вядуць да ўзаемнага разумення, суперажывання і супольнай мудрасці. Яна таксама павінна паслужыць выкарыстанню гэтых мастоў і адносін для распазнання і супольнай працы, цяпер і ў будучыні, над канкрэтнымі рашэннямі і праектамі на карысць раўнавагі навакольнага асяроддзя, эканамічнай справядлівасці і інтэгральнага развіцця чалавека.

Арганізатарамі анлайн-сустрэчы з’яўляюцца Дэпартамент тэалогіі езуіцкага Універсітэта імя Ігнацыя Лаёлы ў Чыкага і Папская камісія па справах Лацінскай Амерыкі.

22 лютага 2022, 08:53