Папа Францішак і архіепіскап Афін Іеранім ІІ. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і архіепіскап Афін Іеранім ІІ. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік падвёў вынікі падарожжа на Кіпр і ў Грэцыю

Святы Айцец даверыў Багародзіцы і малітве вернікаў шматлікія зерні, якія Бог пасеяў падчас яго Апостальскага падарожжа на Кіпр і Грэцыю. Яно праходзіла з 2 па 6 снежня 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дзякую Пану за гэту пілігрымку. Дзякую ўсім вам за малітву, якой суправаджалі мяне, а таксама народам гэтых двух умілаваных краін, іх уладам, грамадзянскім і рэлігійным супольнасцям, за цяпло і ласкавасць, з якімі прынялі мяне”, - сказаў Папа пасля малітвы Анёл Панскі, якая 8 снежня 2021 г. прайшла на ватыканскай плошчы св. Пятра.

Святы Айцец падкрэсліў, што “Кіпр – гэта жамчужына Міжземнамор’я, жамчужына рэдкай прыгажосці, якая, аднак, носіць рану калючага дроту і боль муру, якія раздзяляе яе”.

Пантыфік прызнаўся, што на “Кіпры адчуваў сябе з сям’і, знаходзіўся паміж братамі і сёстрамі”. “Захоўваю ў сэрцы кожную сустрэчу, асабліва св. Імшу на стадыёне ў Нікасіі. Мяне ўзрушыў дарагі праваслаўны брат Хрызастом, калі казаў мне пра Маці-Касцёл: як хрысціяне мы праходзім рознымі шляхамі, але з’яўляемся дзецьмі Касцёла Езуса, які з’яўляецца Маці і суправаджае нас, ахоўвае нас, дапамагае ўсім нам, братам, ісці наперад”, - сказаў Францішак.

“Я жадаю, каб Кіпр заўсёды быў майстэрняй братэрства, дзе сустрэча пераважае над сутыкненнем, дзе прымаецца брат, асабліва калі ён бедны, адчужаны, мігрант. Паўтараю, што перад абліччам гісторый і абліччаў людзей, якія мігруюць, мы не можам маўчаць, не можам адварочвацца ў іншы бок”, - дадаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што Кіпры, як і на Лесбасе, ён мог паглядзець у вочы гэтым пакутам. “Калі ласка, паглядзім у вочы адчужаных, якіх сустракаем, дазволім, каб нас узрушылі твары дзяцей, сыноў і дачок адчайных мігрантаў. Давайце дазволім іх пакутам крануць нас у глыбіні душы, каб адрэагаваць на наша раўнадушша; паглядзім у іх абліччы, каб абудзіцца ад сну прызвычаенасці!”, - заклікаў Пантыфік.

Каментуючы грэчаскую частку свайго падарожжа, Святы Айцец з удзячнасцю прызнаўся, што атрымаў у гэтай краіне братэрскі прыём. “У Афінах я адчуў сябе занураным у веліч гісторыі, у гэту памяць Еўропы: гуманізм, дэмакратыю, мудрасць, веру. Таксама і тут я адчуў містыку прабывання разам: на сустрэчы з братамі-біскупамі і каталіцкай супольнасцю, на святочнай св. Імшы, якая цэлебравалася ў дзень Пана, а потым разам з моладдзю, якая прыбыла з розных куткоў, некаторыя вельмі здалёк, каб перажыць і раздзяліць радасць Евангелля. І яшчэ я перажыў дар абдымкаў дарагога праваслаўнага архіепіскапа Іераніма: спачатку ён прыняў мяне ў сваім доме, а на наступны дзень – прыйшоў адведаць мяне. Я захоўваю ў сэрцы гэта братэрства”, - прызнаўся Папа.

“Давяраю Найсвяцейшай Божай Маці шматлікія зерні сустрэчы і надзеі, якія Пан пасеяў падчас гэтай пілігрымкі. Прашу вас працягваць маліцца, каб яны прараслі ў цярплівасці і расквітнелі ў даверы”, - дадаў Святы Айцец, падводзячы вынікі свайго 35-га Апостальскага падарожжа.
 

08 снежня 2021, 12:54