Папа на французскіх вайсковых могілках у Рыме Папа на французскіх вайсковых могілках у Рыме 

Папа ва Успамін усіх памерлых вернікаў заклікаў да міру

Падчас Імшы на французскіх вайсковых могілках у Рыме ва Успамін усіх памерлых вернікаў Францішак заклікаў спыніць гонку ўзбраенняў і прыкласці намаганні да міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У імправізаванай гаміліі, прамоўленай 2 лістапада 2021 г., Святы Айцец нагадаў, што ўсе мы знаходзімся ў падарожжы. “Кожны з нас аднойчы зробіць апошні крок, і важна, каб гэты апошні крок знайшоў нас на шляху, а не на прагулцы і ў бясконцым лабірынце”.

Францішак нагадаў, што французскія могілкі ў Рыме, як і іншыя ваенныя некропалі, з’яўляюцца месцам спачыну ахвяр канфліктаў, людзей, якія загінулі таму, што былі пакліканы абараняць Радзіму, абараняць каштоўнасці, ідэалы, а часта таксама абараняць сумныя і нікчэмныя палітычныя сітуацыі. У гэтых магілах ляжаць “ахвяры вайны, якая з’ядае дзяцей Радзімы”, - дадаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што многія з іх былі пахаваныя ў безыменных магілах, і падкрэсліў, што хоць “у сэрцы Бога запісана імя ўсіх нас, але гэта трагедыя вайны”. Ён прызнаўся ў сваёй упэўненасці, што ўсе, хто пайшоў з жыцця ў добрай волі, пакліканыя Радзімай абараняць яе, прабываюць з Панам. Але “ці мы, людзі ў падарожжы, дастаткова змагаемся, каб не было войнаў, каб не было эканомікі краін, узброеных да зубоў для мэт зброевай прамысловасці?”, - спытаў Францішак.

“Гэтыя магілы з’яўляюцца пасланнем міру. Спыніцеся, браты і сёстры, спыніцеся вытворцы ўзбраенняў!”, - звярнуўся ён, дадаючы, што магілы салдат заклікаюць да міру.
 

02 лістапада 2021, 13:47