Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец да інвалідаў: Касцёл любіць і патрабуе вас

“Вы сябры Мае” (Ян 15,14) – гэтыя словы Езуса з Евангелля св. Яна сталі тэмай паслання Францішка на Міжнародны дзень інвалідаў, які адзначаецца па ініцыятыве ААН 3 снежня.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Касцёл любіць вас і патрабуе вас, каб выконваць сваю місію служэння Евангеллю”, - падкрэсліў Святы Айцец, звяртаючыся да людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў дакуменце, які быў апублікаваны і прадстаўлены 25 лістапада 2021 г. у Ватыкане.

Каментуючы тэму паслання Папа нагадаў, што падчас Апошняй вячэры Езус назваў сваіх вучняў сябрамі.  Гэтыя словы тычацца таксама сучасных вернікаў, асвятляючы “таямніцу нашай сувязі з Ім і нашай прыналежнасці да Касцёла”. Мець Хрыста ў сябрах – гэта прывілей і пакліканне, - дадаў ён.

“Сяброўства з Хрыстом дае наймацнейшае суцяшэнне і можа зрабіць з кожнага з нас удзячнага і радаснага вучня, здольнага сведчыць пра тое, што ўразлівасць не з’яўляецца перашкодай для жыцця Евангеллем і яго перадачы. Даверлівае і асабістае сяброўства з Езусам можа стаць, насамрэч, духоўным ключом для прыняцця абмежаванняў, якія носім мы ўсе, і жыцця ў прымірэнні з уласным станам”, - заўважыў Францішак.

Папа з жалем заўважыў, што многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі дагэтуль разглядаюцца ў грамадстве “як іншародныя целы” і не могуць быць “паўнапраўнымі грамадзянамі”. Дыскрымінацыя на розных узроўнях грамадства “сілкуецца забабонамі, нявыхаванасцю і культурай, якой цяжка зразумець неад’емную каштоўнасць кожнага чалавека”. У Касцёле, на думку Святога Айца, яна можа выражацца ў няўвазе да духоўных патрэб людзей з інваліднасцю і адсутнасці ў іх доступа да сакрамэнтаў.

Папа нагадаў адрасатам свайго паслання, што ўсе хрысціяне пакліканы да святасці, а сустрэча з Езусам – як шматразова пацвярджае Евангелле – глыбока перамяняе жыццё людзей і робіць з іх сапраўдных сведкаў.

Напрыканцы дакумента Пантыфік заклікаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі да малітвы. “Дарагія браты і сёстры, ваша малітва сёння патрэбна як ніколі раней. Св. Тэрэза Авільская пісала, што “у цяжкія часы патрэбны моцныя сябры Бога, якія будуць падтрымліваць слабых”. Час пандэміі выразна паказаў, што ўразлівасць аб’ядноўвае ўсіх нас: “Мы ўсвядомілі, што знаходзімся ў адной лодцы, усе ўразлівыя і дэзарыентаваныя, але адначасова важныя і патрэбныя, пакліканыя веславаць разам, патрабуючыя ўзаемнага суцяшэння”. Першая магчымасць рабіць гэта – менавіта малітва. Мы можам маліцца ўсе, а нават, калі, як Майсей, будзем патрабаваць падтрымкі, будзем упэўненыя, што Пан чуе нашы маленні”, - запэўніў напрыканцы паслання Францішак.
 

25 лістапада 2021, 12:39