Лагатым Касцёльнай асамблеі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна Лагатым Касцёльнай асамблеі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна 

Папа да Касцёла ў Лацінскай Амерыцы: слухаць і быць творчымі

Слухаць адзін аднаго і мужна адкрывацца на новыя гарызонты, - заклікаў Папа ўдзельнікаў І Касцёльнай асамблеі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Каля тысячы прадстаўнікоў Касцёла ў лацінаамерыканскім рэгіёне прымаюць удзел у форуме, які з 21 па 28 лістапада 2021 г. праходзіць у Мехіка. Частка дэлегатаў сабралася ў мексіканскай сталіцы, іншыя – далучаюцца да дыскусій з розных гарадоў Паўднёвай Амерыкі праз інтэрнэт-спалучэнне.

У сваім пасланні Святы Айцец нагадаў, што на V Генеральнай канферэнцыі епіскапатаў краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, якая прайшла ў 2007 г. у бразільскай Апарэсідзе, галоўнымі дзеючымі асобамі былі біскупы, пакліканыя тады “стаць місійнымі вучнямі” і “ўмацоўваць надзею”, маючы на гарызонце “юбілей аб'яўленняў у Гвадэлупэ ў 2031 г. і Юбілей Адкуплення ў 2033 г.”.

Перад гэтымі, яшчэ даволі далёкімі падзеямі, адбудзецца Сінод, які мае на мэце “змяніць пэўны парадак, надаючы новае месца і вагу голасу ўсіх ахрышчаных”, у адрозненні ад сустрэчы, прызначанай выключна для біскупаў, - звярнуў увагу Пантыфік.

Касцёльная асамблея ў Мехіка – гэта першае “важнае адлюстраванне гэтага працэсу”, - заўважыў Святы Айцец, заклікаючы яе ўдзельнікаў будаваць сваю працу на “слуханні” Бога і патрабуючых, якое павінна ўключаць таксама “дыялог і распазнанне”. “Я прашу вас паспрабаваць слухаць адзін аднаго і слухаць вокліч нашых самых бедных і самых забытых братоў і сясцёр”, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што пасля малітвы і дыялогу, якія патрабуюць “сумеснага распазнання”, ёсць неабходнасць у “пошуку спосабаў пераадолення рознагалоссяў, каб яны не прыводзілі да расколу і палярызацыі”.

“Я прашу Пана – памаліўся Святы Айцец, – каб ваша Асамблея магла стаць выразам “пераноўненасці” творчай любоўю Яго Духа, якая падштурхоўвае нас выходзіць насустрач іншым без страху, і якая заахвочвае Касцёл, праз працэс душпастырскага навяртання, станавіцца яшчэ больш евангелізацыйным і місіянерскім”.
 

22 лістапада 2021, 09:40