Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў канферэнцыі аб італьянскіх мігрантах у Еўропе Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў канферэнцыі аб італьянскіх мігрантах у Еўропе 

Францішак: інтэграваныя мігранты – дар, багацце і благаслаўленне

11 лістапада 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму “Італьянцы ў Еўропе і хрысціянская місія”, арганізаванай епіскапатам Італіі і фондам Migrantes.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак звярнуў увагу на вялікую колькасць італьянскіх мігрантаў ва ўсім свеце, а таксама нагадаў пра тое, што і сам паходзіць з сям’і, якая эмігравала з П’емонта ў Аргентыну. Ён падкрэсліў, што мільёны мігрантаў з Італіі і іншых краін “абнаўляюць аблічча гарадоў” Старога кантынента і ўмацоўваюць “мару аб аб’яднанай Еўропе, здольнай прызнаваць агульныя карані і радавацца існуючай разнастайнасці”.

На думку Папы, гэта “цудоўная мазаіка не павінна быць знішчана ці сапсавана забабонамі ці нянавісцю, што прыкрываецца клопатам пра дабро”. “Еўропа сёння паклікана даць новае жыццё свайму пакліканню да салідарнасці ў субсідыярнасці”, - дадаў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу на ўклад італьянскіх мігрантаў у евангелізацыю. “Дзякуючы сваёй глыбокай народнай рэлігійнасці яны перадавалі радасць Евангелля, дэманстравалі прыгажосць быцця адкрытымі і гасціннымі супольнасцямі, падзялялі шлях мясцовых хрысціянскіх грамадстваў”, - сказаў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што “еднасць і місіянерства” пазначалі гісторыю італьянскіх мігрантаў, і выказаў надзею на тое, што гэтыя рысы змогуць “акрэсліць таксама і іх будучыню”.

Спасылаючыся на лацінаамерыканскі досвед Францішак заўважыў, што інтэграваныя ў грамадства мігранты з’яўляюцца благаслаўленнем, багаццем і новым дарам, які запрашае грамадства да ўзрастання”. “Тое самае можна сказаць пра Еўропу”, - дадаў ён.

“Калі эмігранты інтэграваныя, тады яны могуць дапамагчы дыхаць паветрам разнастайнасці, што стварае адзінства; яны могуць умацаваць аблічча каталіцкасці; могуць сведчыць пра апостальства Касцёла; могуць ствараць гісторыі святасці”, - дадаў Папа, нагадваючы пра прыклад св. Франчэскі Саверыі Кабрыні – італьянкі, якая стала першай святой грамадзянкай ЗША. Пантыфік падкрэсліў, што міграцыя садзейнічае сустрэчы, адносінам, сяброўству і экуменічнаму шляху.
 

11 лістапада 2021, 12:30