Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Кард. Паралін на юбілеі дыпадносін Святога Пасаду і Францыі

З нагоды 100-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Францыяй у Рыме адбылася сустрэча Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы і Прэм’ер-міністра Францыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал П’етра Паралін і Жан Кастэкс прынялі ўдзел у круглым стале, прысвечаным аднаўленню дыпламатычных стасункаў, якое адбылося ў 1921 г. пасля сямнаццацігадовага перапынку. Падчас сустрэчы бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца быў узнагароджаны Ордэнам Ганаровага легіёна.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што на працягу апошняга стагоддзя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Французскай Рэспублікай былі ўзаемным і прасякнутымі ўзаемнай павагай, накіраванымі на пашырэнне павагі да правоў чалавека, будаванне міра і стабільнасці, абарону рэлігійных меншасцей, падтрымку міжрэлігійнага дыялога і ахову навакольнага асяроддзя. Асабліва плённа супрацоўніцтва ажыццяўляецца на Блізкім Усходзе.

“Кожны, працуючы ў сферы сваёй кампетэнцыі, прагне зрабіць уласны унёсак у аднаўленне краін, якія моцна пацярпелі ад вайны і насілля ў гэтым рэгіёне, дзе стагоддзямі існавалі разнастайныя рэлігійныя супольнасці”, - сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што ў гэтым кантэксце асаблівае месца займае Ліван. “Францыя і Святы Пасад падзяляюць глабальныя абавязкі ў свеце, нават калі мы спаўняем іх рознымі сродкамі і з рознай мэтай”, - дадаў ён.

Дзяржсакратар не пакінуў без увагі праблему сексуальных злоўжыванняў у Каталіцкім Касцёле ў Францыі. Ён запэўніў у гатоўнасці каталіцкай супольнасці быць больш цвёрдай і рашучай у барацьбе з гэтай з’явай пры поўным супрацоўніцтве з грамадзянскімі ўладамі, а таксама заклікаючы да павагі да прыроды, місіі і сакрамэнтальнай структуры Касцёла. Іерарх заўважыў, што “аддзяленне Касцёла ад дзяржавы не значыць аддзяленне Касцёла ад закона”.

У сваю чаргу Прэм’ер-міністр Францыі высока адзначыў той факт, што Святы Пасад на працягу стагоддзяў нават ускосна не падтрымліваў працэсы пашырэння нянавісці і расколу ў французскім грамадстве, а таксама нагадаў пра заклік Льва ХІІІ да французскіх католікаў прымаць удзел у жыцці Рэспублікі.

Кіраўнік французскага ўраду не засяроджваўся на пытанні секулярызацыі, прывёўшы словы Францішка пра тое, што ён марыць пра “здаровую свецкую Еўропу, дзе Бог і цэзар аддзелены, але не супрацьстаяць адно аднаму”. Кастэкс нагадаў таксама пра прыняцце ў 1905 г. у Францыі закона, які вярнуў Касцёлу яго свабоду.
 

19 кастрычніка 2021, 11:40