Папа падчас св. Імшы на адкрыццё Сінода Біскупаў Папа падчас св. Імшы на адкрыццё Сінода Біскупаў 

Францішак: Сінод – час сустрэчы, слухання і распазнання

Стаць экспертамі ў мастацтве сустрэчы, слухаць і распазнаваць куды вядзе Святы Дух, - заклікаў Папа 10 кастрычніка 2021 г. падчас св. Імшы на адкрыццё ХVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Езус паказвае нам, што Бог не жыве ў стэрыльных і спакойных месцах, далёкіх ад рэальнасці, але крочыць разам з намі і дасягае нас там, дзе знаходзімся, часам на бездарожжы жыцця”, - адзначыў у гаміліі Папа, заклікаючы задумацца пра тое, ці адлюстроўвае сёння хрысціянская супольнасць “стыль Бога, які пілігрымуе ў гісторыі і падзяляе чалавечыя падзеі”.

“Ці гатовы мы да прыгоды падарожжа або, спалоханыя невядомым, аддаем перавагу таму, каб хавацца за апраўданнямі кшталту: “гэта нічога не дасць” і “заўсёды так было”?”, - спытаў Францішак.

Спасылаючыся на евангельскае апавяданне, у якім Езус сустрэў багатага юнака, выслухаў яго і дапамог распазнаць, што трэба рабіць, каб атрымаць вечнае жыццё, Святы Айцец прапанаваў паразважаць над трыма словамі: сустракаць, слухаць, распазнаваць.

На думку Францішка, “Пан ведаў, што сустрэча можа змяніць жыццё”, таму “Евангелле ўсеяна сустрэчамі Хрыста, якія прыносілі суцяшэнне і аздараўленне”. Таксама і мы, якія пачынаем гэты шлях, пакліканы стаць экспертамі ў мастацтве сустрэчы, быць гатовымі да сустрэчы з Богам у малітве і адарацыі і да сустрэчы з іншымі людзьмі, бо “сустрэча змяняе нас” і “часта падказвае нам новыя шляхі”, - лічыць Папа.

“Вельмі часта менавіта так Бог указвае шляхі, якімі трэба ісці, дапамагаючы выйсці з нашых стомленых звычак. Усё змяняецца, калі становімся здольнымі на сапраўдную сустрэчу з Ім і паміж намі, без фармалізму, без прытворства, без хітрасці”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што сапраўдная сустрэча нараджаецца са слухання, а таксама заклікаў па прыкладзе Езуса не баяцца “слухаць усім сэрцам”. Гэта дазволіць іншаму чалавеку “адчуць, што яго прымаюць, не асуджаюць, што ён свабодны распавесці пра свой жыццёвы і духоўны досвед”.

Папа адзначыў, што Сінод павінен быць часам слухання Духа, які прапануе новыя шляхі і спосабы прапаведвання, а таксама заклікае выслухаць пытанні, надзеі і трывогі, якія ёсць у Касцёле і свеце. “Не будзем рабіць гукаізаляцыю сэрца, не будзем закрывацца ўнутры нашых перакананняў”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў таксама, што Сінод – гэта “шлях духоўнага распазнання”, якое павінна здзяйсняцца на адарыцыі, у малітве і кантакце з Божым словам, што дапамагае Сіноду, не ператварыцца ў касцёльны “convention”, навуковы ці палітычны кангрэс, але быць “падзеяй ласкі”, “працэсам аздараўлення, якім кіруе Святы Дух”.

“У гэтыя дні Езус заклікае нас, як заклікаў багатага чалавека з Евангелля, скінуць цяжар, вызваліцца ад таго, што належыць духу гэтага свету, а таксама ад нашай закрытасці і нашых душпастырскіх мадэляў, якія пастаянна паўтараем; Ён заклікае нас спытаць сябе пра тое, што Бог хоча сказаць нам у гэты час і ў якім кірунку жадае весці нас”, - сказаў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, добрага шляху разам! Будзем жа пілігрымамі, закаханымі ў Евангелле, адкрытымі на сюрпрызы Духа. Не будзем губляць магчымасці для ласкі сустрэчы, узаемнага слухання, распазнання”, - заклікаў Папа нагадваючы, што “ў той час як мы шукаем Пана, Ён першы выходзіць насустрач нам са сваёй любоў”.
 

10 кастрычніка 2021, 11:14