Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да моладзі: нікому і ніколі не позна змяніць сваё жыццё

Ты не можаш заставацца на зямлі "шкадуючы сябе", цябе чакае місія! Таму, у імя Хрыста, кажу табе: Устань і давай сведчанне”, - звярнуўся Папа ў пасланні на 36-ы Сусветны дзень моладзі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Упершыню свята пройдзе ў дыяцэзіях свету не ў Пальмовую нядзелю, а ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету – 21 лістапада 2021 г. на тэму: “Устань! Зраблю цябе слугою і сведкам таго, што ты бачыў” (Дз 26, 16).

Францішак паставіў у прыклад св. Паўла, які з лютага ворага хрысціян, перакананага ў сваёй справядлівасці, стаў заўзятым апосталам Хрыста. Святы Айцец прапанаваў маладым людзям разам прачытаць сцэну навяртання Саўла і паверыць, што кожны чалавек, незалежна ад свайго мінулага, з’яўляецца кімсьці асаблівым у вачах Бога, Які хоча даверыць яму важную місію ў свеце.

Вымаўляючы імя Саўла, Збаўца дае зразумець, што Ён ведае яго асабіста. Прычым імя гучыць двойчы, у знак выключнага паклікання, як гэта адбывалася ў выпадку Майсея і Самуіла. Францішак тлумачыць: "Нават калі Саўл пераследуе, нават калі яго сэрца ненавісна ставіцца да хрысціян, Езус ведае, што гэта адбыцца ў выніку няведання, і хоча праявіць да яго сваю міласэрнасць. Менавіта гэтая ласка, гэтая незаслужаная і безумоўная любоў, святло, карэнным чынам зменіць жыццё Саўла".

Папа нагадаў, што асновай для змены сэрца і жыцця з'яўляецца асабістая сустрэча з Хрыстом, Якога ведаюць не ўсе нават у эпоху інтэрнэту і лёгкага доступу да інфармацыі. "Не дастаткова чуць пра Хрыста ад іншых, неабходна пагаварыць з Ім асабіста. Гэта, па сутнасці, малітва. Гэта прамая размова з Езусам, нават калі ў нас усё яшчэ можа быць засмучанае сэрца, розум поўны сумневаў ці нават пагарды да Хрыста і хрысціян. Я хацеў бы, каб кожны малады чалавек у глыбіні свайго сэрца задаваў гэтае пытанне: хто ты, Пане?", - напісаў Пантыфік. Ён таксама нагадаў, што ў жыцці хрысціяніна няма альтэрнатывы: Бог так – Касцёл не, бо “немагчыма пазнаць Езуса, не пазнаўшы Касцёла”.

Мэсэдж, які некалькі разоў у сваім пасланні Францішак адрасуе маладым людзям, заключаецца ў напаміне: нікому з іх ніколі не позна змяніць сваё жыццё. "Для Бога няма чалавека, які быў бы страчаны. (...) Ні адзін малады чалавек не знаходзіцца па-за дасяжнасцю Божай ласкі і міласэрнасці. Ні аб кім нельга сказаць: ён занадта далёка... для яго ўжо занадта позна... Колькі маладых людзей з энтузіязмам выступаюць супраць і пераварочваюць усё з ног на галаву, але маюць у сэрцы схаваную патрэбу ўзяць на сябе абавязацельствы, любіць з усіх сіл, атаясамліваць сябе з пэўнай місіяй!”, - пераконвае Папа, тлумачачы, што менавіта гэта ў маладым Саўле бачыў Езус.

"Калі Пан уваходзіць у жыццё Паўла, ён не разбурае яго асобу, не знішчае яго энтузіязму і заўзятасці, але дае плённасць яго здольнасцям, робячы выдатным евангелізатарам да краёў зямлі", - напісаў Святы Айцец.

Францішак завяршыў сваё пасланне моцным заклікам да кожнага маладога чалавека, прыняць на сябе місію, прызначаную Богам. "У імя Хрыста я кажу табе: (...) устань і дай сведчанне, што страчанае жыццё можна аднавіць, што людзі, якія ўжо памерлі ў духу, могуць вярнуцца да жыцця, што паняволеныя могуць зноў стаць свабоднымі, што сумныя сэрцы могуць вярнуць сабе радасць", - звярнуўся Папа да моладзі.

У гэтым годзе ўпершыню Сусветныя дні моладзі будуць адзначацца ў дыяцэзіях па ўсім свеце не ў Пальмовую нядзелю, а ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Гэтым рашэннем Францішак хацеў адказаць на душпастырскія цяжкасці, звязаныя з арганізацыяй дыяцэзіяльнага фестывалю моладзі на парозе Вялікага тыдня – не змяняючы першапачатковай інтэнцыі св. Яна Паўла ІІ, які жадаў запрасіць моладзь на асабістую сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом. Для дапамогі ў падрыхтоўцы дыяцэзіяльных урачыстасцей, ватыканская Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця апублікавала спецыяльныя пастырскія ўказанні, зацверджаныя Пантыфікам.
 

27 верасня 2021, 13:00