Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: мір – гэта сяброўства, а не адсутнасць вайны

Кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы, скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў Карэйскага глабальнага форума на карысць міра (Korea Global Forum for Peace).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Калі справядлівасць вымагае таго, каб мы не парушалі правы іншых людзей і давалі кожнаму тое, што яму належыць, то міласэрная любоў дапамагае адчуваць патрэбы іншых як нашыя і спрыяе плённаму супрацоўніцтву. У адваротным выпадку мы працягнем будаваць “негатыўны мір”, простую не ваяўнічасць і адсутнасць вайны. Мір жа павінен разумецца ў пазітыўным ключы, як прасоўванне таго, што яднае. Мы можам сказаць, што мір – гэта сяброўства”, - заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Глабальны форум быў арганізаваны Міністрэствам па ўз’яднанні Рэспублікі Карэя. Ён праходзіць з 31 жніўня па 2 верасня 2021 г. на тэму: “Новае бачанне міжкарэйскіх адносін і супольнасці. На карысць міру, эканомікі і жыцця”. У канферэнцыі прымаюць удзел эксперты, даследчыкі і прадстаўнікі ўладаў больш чым дваццаці краін свету. У сувязі з пандэміяй дыскусіі адбываюцца анлайн. Кардынал Паралін нагадаў іх удзельнікам пра ролю Касцёла ва ўстанаўленні міра на Карэйскім паўвостраве, спасылаючыся на вучэнне апошніх пантыфікаў.

Нагадваючы словы св. Паўла VI Дзяржсакратар адзначыў, што народы павінны сустракацца як браты і сёстры, як Божыя дзеці, а таксама працаваць разам дзеля будавання супольнай будучыні і “стварэння ўмоў для інтэгральнага развіцця чалавецтва”.

Дзяржсакратар звярнуў увагу на вучэнне св. Яна ХХІІІ, які “шукаў дабро ў кожным чалавеку і грамадстве”, заклікаў да дыялогу, заснаванага на ўзаемнай павазе, заахвочваў адкрываць тое, што яднае, а не раздзяляе. Грунтуючыся на гэтых прынцыпах ён дапамог мірна вырашыць Карыбскі крызіс, - адзначыў кардынал Паралін.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі падкрэсліў неабходнасць узаемнага прабачэння для дасягнення міру і будавання цывілізацыі любові, аб чым казаў св. Ян Павел ІІ, а таксама патрэбу ў большай крэатыўнасці з боку міжнароднай супольнасці ў прасоўванні мірных ініцыятыў і павагі да правоў кожнага з бакоў, пра што казаў Бэнэдыкт XVI.

Гаворачы пра вучэнне Францішка, іерарх спаслаўся на энкцыліку Fratelli tutti, адзначаючы патрэбу ў будаванні “сацыяльнага сяброўства”, заснаванага на салідарнасці і ўзаемнасці, а таксама ўсведамленні таго, што “мы ўсе знаходзімся ў адным чоўне”.
 

31 жніўня 2021, 12:30