Аўдыенцыя для дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату Аўдыенцыя для дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату 

Папа да праваслаўнай дэлегацыі: пераадолеем забабоны і варожасць

Папа прыняў на аўдыенцыі афіцыйную дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым з традыцыйным візітам з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сустрэча адбылася 28 чэрвеня 2021 г. у Апостальскім палацы ў Ватыкане. Праваслаўную дэлегацыю ўзначаліў Мітрапаліт Халкедонскі Эмануэль. Яго суправаджаў Мітрапаліт Буэнас-Айрэскі Іосіф і дыякан Барнабас Грыгарыядзіс. Прадстаўнікі Экуменічнага Патрыярхату сустрэліся таксама з кіраўніцтвам Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Звяртаючыся да сваіх гасцей Пантыфік нагадаў пра праблемы, якія стварыла для свету пандэмія каронавіруса, падкрэсліваючы, што “горшым за актуальны крызіс з’яўляецца толькі магчымасць змарнаваць яго, не вывучыўшы урок, які ён дае”. “Гэта ўрок пакоры, які вучыць нас таму, што немагчыма жыць здаровымі ў хворым свеце і працягваць ісці як раней, не ўсведамляючы таго, што было нядобрым. Таксама і сёння, вялікае жаданне вярнуцца да нармальнага жыцця можа хаваць неразумнае памкненне зноў абапірацца на фальшывыя бяспекі, звычкі і задумы, адзінай мэтай якіх з’яўляецца прыбытак і дасягненне ўласных інтарэсаў, не звяртаючы ўвагі на несправядлівасць планетарнага маштабу, на крык бедных і кволае здароўе нашай планеты”, - сказаў Папа.

Аўдыенцыя для дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату
Аўдыенцыя для дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату

Пантыфік заўважыў, што крызіс павінен падштурхнуць да рэфлексіі і распазнання таксама і хрысціян, каб прынялі яго як выклік і засяродзіліся на тым, што не прамінае.

Францішак нагадаў словы св. Паўла, які заклікаў заставацца ў любові, бо “любоў не мінае”. “Вядома, мы не гаворым пра рамантычнае каханне, засяроджанае на сабе, уласных пачуццях, жаданнях і эмоцыях; гаворка ідзе пра канкрэтную любоў, якая перажываецца па прыкладзе Езуса. Гэта любоў зерня, якое дае жыццё, паміраючы ў зямлі, якое прыносіць плён, калі раздзяляецца. Гэта любоў, якая “не шукае свайго”, якая “усё прабачае, на ўсё спадзяецца, усё церпіць”. Іншымі словамі Евангелле абяцае багатыя плады не тым, хто збірае іх для сябе, не тым, хто клапоціцца пра ўласную выгаду, але тым, хто адкрыта дзеліцца з іншымі, сеючы з шчодрасцю і бескарыслівасцю, у пакорным духу служэння”, - сказаў Папа.

Аўдыенцыя для дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату
Аўдыенцыя для дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату

Святы Айцец заўважыў, што для хрысціян сур’ёзна падыйсці да актульнага крызісу значыць ісці да поўнай еднасці, не засяроджвацца на сабе, шукаючы ўласнай бяспекі, але адкрывацца на іншых.

“Дарагія браты, ці не настаў час для таго, каб з дапамогай Духа, даць чарговы імпульс нашаму шляху да разбурэння старадаўніх забабонаў і канчатковага пераадолення шкоднай варожасці? Не ігнаруючы адметнасцяў, якія пераадольваюцца праз дыялог, у любові і праўдзе, ці не можам мы распачаць новы этап адносін паміж нашымі Цэрквамі, пазначаны яшчэ больш супольным пілігрымаваннем, жаданнем рабіць рэальныя крокі наперад, адчуваннем сябе па-сапраўднаму адказнымі адзін за аднаго? Калі будзем паслухмянымі любові, Святы Дух, які з’яўляецца творчай любоўю Бога і стварае гармонію паміж адметнасцямі, адкрые шлях да адноўленага братэрства”, - дадаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што ўзрастанне еднасці паміж хрысціянамі стане таксама знакам надзеі для шматлікіх людзей, якія адчуюць сябе заахвочанымі спрыяць больш паўсюднаму братэрству і прымірэнню, здольнаму выправіць памылкі мінулага.

“Гэта адзіны шлях для таго, каб адкрыць мірную будучыню. Цудоўным прарочым знакам будзе таксама больш блізкае супрацоўніцтва паміж праваслаўнымі і католікамі ў дыялогу з іншымі рэлігійнымі традыцыямі...”, - сказаў Папа, выказваючы падзяку дэлегацыі Канстантыпольскага Патрыярхату за візіт, заклікаючы пераказаць шчырай прывітанне Барталамею І і запрашаючы яго наведаць Рым у кастрычніку з нагоды 30-годдзя яго абрання на пасаду Патрыярха.

28 чэрвеня 2021, 11:47