Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: Касцёл пакліканы ўключаць сем’і ў евангелізацыйную дзейнасць

Евангелізацыя – гэта не заданне пэўнай пастырскай эліты. Сужонкі і святары павінны дапаўняць адзін аднаго ў будаванні Касцёла, які з’яўляецца сям’ёй сем’яў, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў вэбінару, прысвечанага стратэгіям выкарыстання Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia у душпастырстве. Форум праходзіць 9-12 чэрвеня 2021 г. па ініцыятыве Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. У ім прымаюць удзел каля 350 дэлегатаў, якія прадстаўляць каля 70 епіскапатаў і больш за 30 каталіцкіх асацыяцый і рухаў. Нагодай для ініцыятывы стаў Год Сям’і Amoris laetitia, які праходзіць ў Касцёле ў пятую гадавіну папскай адгартацыі.

Папа нагадаў, што Amoris laetitia з’яўляецца плёнам глыбокай сінадальнай рэфлексіі аб сужэнстве і сям’і і таму патрабуе цярплівай працай па яе ажыццяўленні і місійным навяртанні. У кантэксце цяжкасцей, выкліканых пандэміяй Касцёл пакліканы актыўна слухаць сем’і і заахвочваць іх да ўдзелу ў душпастырскай дзейнасці.

“Неабходна адкласці ў бок “чыста тэарэтычнае абвяшчэнне, ізаляванае ад праблем людзей”, нібыта евангелізацыя з’яўляецца выключным заданнем пэўнай пастырскай эліты. Кожны ахрышчаны з’яўляецца “актыўным суб’ектам евангелізацыі”. Каб несці Божую любоў сем’ям і моладзі, якая будзе ствараць сем’і заўтра, мы патрабуем дапамогі саміх сем’яў, іх канкрэтнага жыццёвага досведу і адзінства. Мы патрабуем, каб сужонкі былі побач з пастырамі, каб крочыць з іншымі сем’ямі, каб дапамагаць самым слабым, каб абвяшчаць тое, што нават падчас цяжкасцей, Хрыстус прысутнічае ў сакрамэнце сужэнства, дорачы ласкавасць, цярплівасць і надзею ўсім у кожнай жыццёвай сітуацыі”, - сказаў Папа.

“Як важна для моладзі бачыць уласнымі вачыма любоў жывога і прысутнага Хрыста ў любові сужонкаў, якія сведчаць сваім канкрэтным жыццём пра тое, што любоў заўсёды магчымая!”, - дадаў ён.

Францішак таксама падкрэсліў, што сужонкі і святары павінны дапаўняць адзін аднаго ў будаванні Касцёла як сям’і сем’яў. Ён заклікаў прыкладаць намаганні ў сферы фармацыі свецкіх вернікаў, асабліва сужонкаў і сем’яў, каб яны лепш разумелі важнасць сваёй касцёльнай місіі.

“Многія сем’і не ўсведамляюць вялікага дару, які атрымалі ў сакрамэнце, плённым знаку прысутнасці Хрыста, які суправаджае ў кожным моманце жыцця. Калі сям’і цалкам адкрывае гэты дар, яна адчувае жаданне раздзяліць яго з іншымі сем’ямі, бо радасць сустрэчы з Панам імкнецца да распаўсюджвання, стварае новае адзінства і, вядома, з’яўляецца місійнай”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на шэраг выклікаў, якія тычацца сем’яў: ідэалагічны прэсінг, які перашкаджае выхаваўчым працэсам, праблемы ў адносінах, матэрыяльная і духоўная беднасць, самотнасць, звязаная з цяжкасцю ў адчуванні Бога ў сваім жыцці. У гэтым кантэксце Пантыфік заклікаў да душпастырскіх высілкаў у сферы падрыхтоўкі да сужэнства, суправаджэння маладых сужэнскіх пар, выхавання, клопату пра пажылых людзей, блізкасці да “параненых” сем’яў ці тых, якія ў новым саюзе, прагнуць напоўніцу жыць хрысціянскім досведам.
 

09 чэрвеня 2021, 14:45