Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: Касцёл – школа адзінства, а не ўнутранага супрацьстаяння

Святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі павінны жыць як браты, даючы сведчанне таго, што Касцёл – гэта дом і школа адзінства, а не ўнутранага супрацьстаяння, - падкрэсліў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа напісаў прадмову да кнігі “Як соль і закваска – Нататкі для тэалогіі кансэкраванага жыцця Касцёла” (Come sale e lievito – Appunti per una teologia della Vita Consacrata della Chiesa), якая выйдзе ў свет 14 мая 2021 г.

На старонках выдання два італьянскіх францішканіна – 90-гадовы а. Валянціна Наталіні і яго малады сабрат, а. Фэрдынанда Кампана – разважаюць пра ўзаемаадносіны паміж трыма станамі, якія ўтвараюць Касцёл: святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі.

Папа заўважыў, што гаворка не ідзе пры тры асобныя групы, “якія змагаюцца паміж сабой”, хоць на працягу гісторыі і былі злоўжыванні і недарэчныя прэтэнзіі. “Часам гэта быў клерыкалізм і духоўная марнасць, якія дэманстравалі не аблічча служэння і сведчання сапраўднага хрысціянскага жыцця, але высакамернасць і прэтэнзіі на ўладу”, - напісаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што часам лічылася, нібыта “адзін асаблівы стан удасканалення з’яўляецца лепшым за іншыя, гарантаваным, і таму не патрабуючым пакоры і паслядоўнага жыцця“.

“Часам сустракаліся прэтэнзіі на аўтаномнасць ад іншых станаў жыцця, з саманадзейнымі спробамі зрабіць з Касцёла, які з’яўляецца домам і школай адзінства і братэрства адзінага Божага народу, зборышча самадастатковых, пыхлівых суб'ектаў, якія дамагаюцца ўласных прэрагатыў, забываючы пра тое, што да мэты мы прыбываем першымі толькі тады, калі ўсе тры ўдзельнікі прыбываюць да мэты разам”, - напісаў Францішак.
 

13 мая 2021, 15:04