Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Спачуванні Святога Айца ў сувязі са смерцю кардынала Касідзі

Францішак моліцца за памерлага аўстралійскага кардынала Эдварда Ідрыса Касідзі, шматгадовага старшыню Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Іерарх адышоў у вечнасць 10 красавіка 2021 г. у 96-гадовым узросце. Пантыфік выказаў свае спачуванні ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна, скіраванай на імя Апостальскага нунцыя ў Аўстраліі, арцыбіскупа Адольфа Ціта Ільяна.

“З удзячнасцю ўзгадваючы гады каштоўнага служэння памерлага кардынала Апостальскай Сталіцы, яго руплівасць у распаўсюджванні Евангелля і адданасць спрыянню хрысціянскаму адзінству, даручаю яго шляхетную душу міласэрнай любові Бога, нашага нябеснага Айца”, - напісаў Папа, запэўніваючы ў малітве і благаслаўленні ўсіх, хто аплаквае смерць іерарха.

Эдвард Ідрыс Касідзі нарадзіўся ў 1924 г. у Сіднэі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1949 г. Нёс служэнне ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Святога Пасаду ў Індыі, Ірландыі, Сальвадоры і Аргентыне. У 1970 г. прыняў біскупскую сакру. Быў пранунцыем у Бангладэш і Апостальскім дэлегатам у Бірме, Апостальскім дэлегатам у Паўднёваафрыканскай Рэспубліцы і Апостальскім пранунцыем у Лесота.

З 1988 г. працаваў у Дзяржсакратарыяце на пасадзе Субстытута па агульных пытаннях. З 1989 па 2001 гг. быў старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У 1991 г. стаў кардыналам.

На сённяшні дзень Калегія кардыналаў складаецца з 225 іерархаў, з якіх 126 маюць права голасу на канклаве.
 

15 красавіка 2021, 10:25