Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да народа Ірака: адправіцца ў пілігрымку надзеі, як Абрагам

Напярэдадні Апостальскага падарожжа ў Ірак, якое пройдзе 5-8 сакавіка 2021 г., Францішак скіраваў відэапасланне да народа гэтай блізкаўсходняй краіны, калыскі цывілізацыі.

У першую чаргу Папа падкрэсліў, што прыбывае “як пілігрым з пакаяннем”, каб маліцца да Пана аб прабачэнні і прымірэнні пасля доўгіх гадоў вайны і тэрарызму, каб прасіць Бога аб суцяшэнні сэрцаў і вылячэнні ран”.

“Прыбываю да вас таксама як пілігрым міру, каб паўтарыць: “Вы – усе браты”, - заўважыў ён. Пантыфік дадаў, што кіруецца імкненнем да братэрства, прагненнем супольнай малітвы і супольнага вандравання, “таксама з братамі і сёстрамі іншых рэлігійных традыцый, у духу айца Абрагама, які яднае мусульман, юдэяў і хрысціян у адну сям’ю”.

Звяртаючыся да іракскіх хрысціян, Францішак прызнаўся, што з нецярпеннем чакае сустрэчы з імі – сведкамі веры ў Езуса Хрыста пасярод цяжкіх выпрабаванняў. “Для мяне вялікі гонар сустрэцца з Касцёлам мучанікаў”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што жадае прынесці ласкавасць Паўсюднага Касцёла ўсяму спакутаванаму Блізкаму Усходу. “Не дапусцім, каб узялі верх жудасныя пакуты, якія вы перажылі, і якія прычыняюць мне шмат болю. Не скорымся перад абліччам зла, якое пашыраецца: няхай старадаўнія крыніцы мудрасці вашых зямель дапамагаюць паступаць так, як Абрагам, які, хоць і пакінуў усё, ніколі не губляў надзеі. Давяраючы Бог, ён даў такое вялікае патомства, колькі ёсць зорак на небе”, - заклікаў Францішак.

Папа прызнаўся, што на працягу апошніх гадоў шмат думаў пра іракцаў, якія моцна пакутавалі, але не былі пераможаны. “Цяпер еду ў вашу благаслаўлёную і зраненую зямлю як пілігрым надзеі. Менавіта тут, у Нініве, прагучала прароцтва Ёны, якое прадухіліла катастрофу і прынесла новую надзею, надзею на Бога. Давайце заразімся гэтай надзеяй: яна заахвочвае нас будаваць нанова і пачынаць усё спачатку. У гэтыя цяжкія часы пандэміі будзем дапамагаць адно аднаму ўмацоўваць братэрства і разам ствараць мірную будучыню”, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў іракцам, што менавіта з іх зямлі распачаў сваю пілігрымку Абрагам. “Сёння наша заданне – працягнуць яе, разам крочыць шляхамі міру! Таму малюся аб міры і благаслаўленні Найвышэйшага для вас усіх”, - сказаў Папа ў сваім відэапасланні напярэдадні візіту.

Відэазварот Святога Айца
04 сакавіка 2021, 12:04