Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа пра копцкіх мучанікаў: яны святыя для ўсяго хрысціянства

Святымі ўсіх хрысціян назваў Пантыфік копцкіх мучанікаў, забітых ісламскімі тэрарыстамі ў Лівіі шэсць гадоў таму. Каб ушанаваць іх гераічны чын, лонданская копцкая дыяцэзія арганізавала Дзень сучасных мучанікаў.

У анлайн-сустрэчы прынялі ўдзел Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ, Прымас Англіканскай Царквы, Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі, і старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох.

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў падзеі з відэапасланнем, у якім падкрэсліў адвагу 21 мучаніка, ахрышчанага не толькі вадой і Святым Духам, але і крывёю. Праз тыдзень пасля сваёй мучаніцкай смерці ў 2015 г. яны сталі ўшаноўвацца ў Копцкай Праваслаўнай Царкве як святыя.

“Гэтыя нашы хрысціяне – святыя ўсіх хрысціян, святыя ўсіх хрысціянскіх канфесій і традыцый. Яны выбелілі сваё жыццё ў крыві Ягняці”, - сказаў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што копцкія мучанікі былі самымі звычайнымі людзьмі, якія паехалі працаваць за мяжу, каб утрымліваць свае сем’і і, годна працуючы, забяспечыць іх хлебам. “Гэтыя людзі сведчылі аб Езусе Хрысце. Забітыя бязлітаснасцю Ісламскай дзяржавы, яны паміралі са словамі “Пане Езу!”, вызнаючы імя Езуса. Так, адбылася трагедыя, гэтых людзей на беразе пазбавілі жыцця; але праўдзіва і тое, што гэты бераг быў благаслаўлёны іх крывёй. Больш за тое, дзякуючы сваёй прастаце, сваёй простай, але паслядоўнай веры, яны атрымалі найвялікшы дар, які можа здабыць хрысціянін: сведчанне аб Езусе Хрысце аж да самаахвяравання”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец узнёс падзяку Богу за дар гэтых “мужных братоў”, Святому Духу – за тое, што напоўніў іх адвагай, а таксама падзякаваў біскупам, святарам і бацькам мучанікаў за тое, што выхавалі іх і навучылі ўзрастаць у веры.

Завяршаючы відэапасланне, Пантыфік заклікаў вернікаў разам маліцца ў дзень успаміну копцкіх мучанікаў, каб яны заступаліся за ўсіх нас перад Нябесным Айцом.
 

16 лютага 2021, 11:55