Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Пантыфік: Бог не трымаецца на “дыстанцыі бяспецы” ад нас

Бог – не ідэя ці абстрактнае вучэнне, а Той, хто не баіцца ўвайсці ў кантакт з нашымі ранамі, каб аздаравіць іх. Яго стыль – гэта блізкасць, спагада і ласкавасць, - нагадаў Святы Айцец.

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, 14 лютага 2021 г. у Ватыкане, Папа пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім апавядаецца пра аздараўленне Езусам хворага на праказу (Мк 1, 40-45). Ён нагадаў, што пракажоныя лічыліся нячыстымі людзьмі і згодна з прадпісаннямі Закона, павінны былі заставацца за межамі гораду, выключаныя з міжчалавечых, сацыяльных і рэлігійных адносін. Езус, аднак, дазволіў такому чалавеку наблізіцца да Сябе, працягнуў да яго руку і дакрануўся яго.

“Такім чынам Езус споўніў Добрую вестку, якую абвяшчаў: Бог стаў блізкім да нашага жыцця, Ён спачувае параненаму чалавецтву і прыходзіць знішчыць усе бар’еры, якія перашкаджаюць нашым адносінам з Ім, іншымі людзьмі і самімі сабой”, - сказаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на два “парушэнні” Закону, якія можна ўбачыць у гэтым евангельскім урыўку. Першае ўчыніў пракажоны, які выйшаў з ізаляцыі і прыйшоў да Езуса. “Яго хвароба лічылася Божым пакараннем, але ў Езусе ён змог убачыць іншае аблічча Бога: не Бога, які карае, але Айца, поўнага спачування і любові, які вызваляе нас ад граху і ніколі не выключае са сваёй міласэрнасці. Гэты чалавек змог выйсці з ізаляцыі, бо ў Езусе знайшоў Бога, які раздзяліў яго боль”, - сцвердзіў Францішак. У гэтым кантэксце ён падзякаваў усім спаведнікам, якія сваімі паводзінамі і лагоднасцю спрыяюць набліжэнню людзей, параненых грахом, да Божай міласэрнасці.

Гаворачы пра “парушэнне”, учыненае Езусам, Папа нагадаў, што нягледзячы на забарону дакранацца да пракажоных, Хрыстус зрабіў гэта: “дакранацца з любоўю – значыць устанаўліваць адносіны, ствараць еднасць, уключацца ў жыццё іншага, нават да раздзялення яго ран”.

“Гэтым жэстам Езус паказаў, што Бог не раўнадушны, не захоўвае “дыстанцыю бяспекі”; а набліжаецца са спагадай і дакранаецца да нашага жыцця, каб аздаравіць яго ласкавасцю. Гэта стыль Бога: блізкасць, спагада і ласкавасць…”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што сёння ў свеце ёсць шмат нашых братоў, якія пакутуюць ад праказы ці іншых хвароб і абставінаў, якім, на жаль, спадарожнічаюць сацыяльныя забабоны. “Кожны з нас можа сутыкнуцца з ранамі, паразамі, пакутамі, эгаізмам, якія закрываюць на Бога і іншых”, таму што грэх замыкае нас у саміх сябе, а Бог хоча адкрыць нашы сэрцы. Перад абліччам усяго гэтага Езус абвяшчае нам, што Бог – гэта не ідэя ці абстрактнае вучэнне, але Той, хто “заражаецца” нашай параненай чалавечай прыродай і не баіцца ўвайсці ў кантакт з нашымі ранамі”, - падкрэсліў ён.

Папа заўважыў, што з павагі да правілаў добрага тону і сацыяльных звычаяў мы часта замоўчваем боль ці апранаем маскі, якія хаваюць яго, а па прычыне эгаізму ці страху не занадта цікавімся пакутамі іншых.

“Папросім жа Пана, аднак, аб ласцы жыцця гэтымі двума евангельскімі “парушэннямі”: парушэннем пракажонага, каб мець адвагу для выйсця з нашай ізаляцыі, і замест таго, каб заставацца ў ёй, шкадуючы ці аплакваючы нашы паразы, пайсці да Езуса такімі, якімі мы з’яўляемся (…); а таксама парушэннем Езуса: любоўю, якая дазваляе ісці далей за ўмоўнасці, якая дапамагае пераўзысці забабоны і страх перад уваходам у жыццё іншага. Навучымся быць такімі “парушальнікамі”, як гэты пракажоны і Езус”, - сказаў Папа.

Перад малітвай “Анёл Панскі” Святы Айцец заклікаў прасіць Панну Марыю, каб яна суправаджала нас на гэтым шляху.

14 лютага 2021, 12:20