Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак перажывае час велікапосных рэкалекцый

З 21 па 26 лютага 2021 г. Святы Айцец перажывае час велікапосных духоўных практыкаванняў. У гэты перыяд у Ватыкане не будуць праводзіцца папскія аўдыенцыі і сустрэчы, у тым ліку агульная аўдыенцыя ў сераду.

У мінулыя гады Францішак прымаў удзел у велікапосных рэкалекцыях разам з іерархамі і супрацоўнікамі Рымскай курыі. Яны праводзіліся ў “Доме Боскага Настаўніка” ў Арыча – рэкалекцыйным цэнтры пасярод прыгожага лесу, недалёка ад возера Альбана. У сувязі з пандэміяй каронавіруса сёлета было прынята рашэнне не збірацца разам і перажыць час духоўных практыкаванняў паасобку. 

На знак сваёй духоўнай еднасці ў Папяльцовую сераду Папа падарыў сваім бліжэйшым супрацоўнікам па “духоўнаму дапаможніку”. Гаворка ідзе пра трактат XVII ст. “Насі Пана ў сэрцы” (Abbi a cuore il Signore), напісаны, хутчэй за ўсё, адным з манахаў кляштару цыстэрсаў св. Бартола ў італьянскай Ферары. Пантыфік пажадаў ватыканскім іерархам і супрацоўнікам курыі, каб кніга дапамагла ім плённа перажыць час Вялікага посту.

Пра важнасць гэтага перыяду для кожнага верніка Францішак казаў перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 21 лютага 2021 г. прайшла ў Ватыкане. Ён заклікаў добраахвотна ўвайсці ў “духоўную пустыню” – стварыць прастору для цішыні і слухання Божага слова, каб належным чынам падрыхтаваць сэрцы да пасхальных цэлебрацый.
 

22 лютага 2021, 10:13