Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: перспектыва смерці мяне не палохае

Памру тут, у Рыме, не вярнуся ў Аргентыну, - сказаў Папа ў інтэрв'ю аргентынскаму журналісту і ўрачу Нэльсану Кастра. Ён не выключыў выхаду на пенсію і прызнаўся, што перспектыва смерці яго не палохае.

У інтэрв'ю La Nación Францішак адзначыў, што пасля аперацыі ў 1957 г., у выніку якой у яго была выдалена верхняя доля правага лёгкага, наступіла поўнае выздараўленне, і ён ніколі не адчуваў сябе абмежаваным хваробай.

Журналіст спытаў у Папы, ці праходзіў ён калі-небудзь псіхааналіз. “Я ніколі гэтага не рабіў”, - адказаў Францішак. Аднак ён прызнаўся, што кансультаваўся з псіхіятрам, калі быў правінцыялам езуітаў падчас дыктатуры ў Аргентыне. “Мне гэта дапамагло пераадолець страх. Здаралася, я хаваў некаторых людзей і дапамагаў ім пакінуць краіну. Уявіце, як мне было страшна, калі вёз у машыне кагосьці, схаванага толькі пад коўдрай, і праходзіў тры ваенныя блокпасты. Напружанне было велізарным”, - патлумачыў Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што сустрэчы з псіхіятрам таксама дапамаглі яму навучыцца кантраляваць сябе і пазбягаць паспешных рашэнняў. Францішак звярнуў увагу на тое, што кожны святар павінен ведаць чалавечую псіхалогію.

Папа таксама распавёў пра сваю трывогу з прычыны жадання зрабіць усё адразу. Ён падкрэсліў, што ў жыцці трэба вучыцца тармазіць. Адзін з яго метадаў – слухаць творы Баха. “Гэта супакойвае мяне і дазваляе лепш аналізаваць праблемы”, - прызнаў Святы Айцец.

У канцы інтэрв'ю журналіст спытаў у Францішка, ці думае ён пра смерць. “Так, але я яе не баюся”, - адказаў той. На пытанне, як ён уяўляе ўласную смерць, ён адказаў: “у якасці Пантыфіка, дзеючага або на пенсіі. У Рыме. Я больш не вярнуся ў Аргентыну”, - заключыў Папа.
 

28 лютага 2021, 12:10