Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік устанавіў Дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей

Папа ўстанавіў у Касцёле Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей. Ён будзе адзначацца ў чацвёртую нядзелю ліпеня з нагоды літургічнага ўспаміну св. Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса.

Пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая прайшла 31 студзеня 2021 г. у Ватыкане, Святы Айцец заўважыў, што 2 лютага будзе адзначацца свята Ахвяравання Пана. У гэты дзень Касцёл успамінае, як пажылыя Сімяон і Ганна, асветленыя Святым Духам, распазналі ў Езусе Месію.

“Таксама і сёння Святы Дух абуджае ў пажылых людзях мудрыя думкі і словы: іх голас – каштоўны, бо ўзносіць гімн хвалы Богу і захоўвае карані народаў. Яны нагадваюць, што старасць – гэта дар, і што дзядулі і бабулі з’яўляюцца сувязным звяном паміж пакаленнямі, каб перадаваць моладзі досвед жыцця і веры”, - сказаў ён.

Пантыфік заўважыў, што пажылыя людзі нярэдка застаюцца пакінутымі, а мы забываем пра каштоўнасць захавання каранёў і іх перадачы. “У сувязі з гэтым я вырашыў устанавіць Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які будзе штогадова адзначацца ва ўсім Касцёле ў чацвёртую нядзелю ліпеня, блізка да літургічнага ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў пра важнасць сустрэчы паміж пакаленнямі, каб дзядулі і бабулі маглі дзяліцца сваімі марамі з унукамі, а ўнукі маглі рэалізоўваць іх і прарочыць.
 

31 студзеня 2021, 13:19