Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа заклікаў супрацоўнікаў Ватыкана да радаснага сведчання

Францішак заклікаў супрацоўнікаў ватыканскіх структур праявіць свае самыя лепшыя якасці на карысць эфектыўнай дзейнасці Апостальскай Сталіцы, служэння евангелізацыі і развіццю чалавека.

21 снежня 2020 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі супрацоўнікаў структур Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, разам з членамі іх сем’яў. Сустрэча адбылася ў Зале Паўла VI і была прымеркавана да Божага Нараджэння.

У прамове Папа заклікаў сваіх гасцей ісці да Хрыста, наследуючы прыклад пастухоў з Евангелля. “Мы павінны скінуць з сябе смутак, нуду, апатыю, абыякавасць і страх, асабліва ў гэты час надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі, калі цяжка знайсці энтузіязм для жыцця і веры. Па прыкладзе пастухоў мы пакліканы прыняць тры паставы: убачыць, сузіраць і абвяшчаць”, - сказаў Францішак.

На думку Святога Айца, важна ўбачыць нараджэнне Божага Сына як самую значную падзею гісторыі. “Прамінула дваццаць стагоддзяў, а Езус жывы як ніколі. А тыя, хто аддаліліся ад Яго ў сваіх паводзінах, даюць яшчэ адно сведчанне пра Езуса: без Яго чалавек трапляе ў зло, грэх, заганы, эгаізм, насілле, нянавісць. Слова сталася целам і пасялілася між намі: вось падзея, якую мы павінны нанова адкрыць для сябе”, - падкрэсліў Папа.

Гаворачы пра важнасць сузірання, Францішак заўважыў, што дзякуючы яму можна зразумець дабрыню, ласкавасць і любоў Бога. “Бог паказвае сваю дабрыню, каб збавіць нас. А што значыць быць збаўленым? – Гэта значыць увайсці ў жыццё Бога, стаць прыёмнымі дзецьмі Бога праз хрост. Вось вялікае значэнне Божага Нараджэння: Бог становіцца чалавекам, каб мы маглі стаць дзецьмі Бога”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў супрацоўнікаў ватыканскіх структур праслаўляць Бога, абвяшчаючы Яго не толькі словамі, але і жыццём сведчаннем, у першую чаргу праз радасць і супакой, якія паходзяць ад веры і любові: радасць і супакой нягледзячы ні на што, і перш за ўсё.

21 снежня 2020, 12:29