Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: адукацыя – эфектыўны шлях гуманізацыі свету і гісторыі

Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў сустрэчы з нагоды інаўгурацыі Глабальнага адукацыйнага пагаднення. Яна прайшла 15 кастрычніка 2020 г. у Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме.

Пантыфік назваў сапраўднай “адукацыйнай катастрофай” сітуацыю, калі мільёны дзяцей вымушаны прыпыніць атрыманне адукацыі ў сувязі з эканамічным крызісам, выкліканым каронавірусам. Каля 250 млн дзяцей школьнага ўзросту ўвогуле не ўдзельнічаюць у фармацыйным працэсе.

Паводле Папы, у кантэксце актуальнага крызісу, які закрануў усе сферы жыцця чалавека і патрабуе “культурнага развароту”, важна памятаць пра “пераўтваральны патэнцыял адукацыі”.

Яна павінна спрыяць надзеі, супрацоўніцтву, адмаўленню ад раўнадушша, узаемнаму прыняццю. Адукацыя павінна быць “здольнай ствараць і паказваць новыя гарызонты, дзе гасціннасць, салідарнасць паміж пакаленнямі і каштоўнасць трансцэндэнтнасці ўтвараюць новую культуру”, - перакананы Святы Айцец.

“Мы лічым, што адукацыя – адзін з самых эфектыўных шляхоў гуманізацыі свету і гісторыі. У першую чаргу – яна з’яўляецца пытаннем любові і адказнасці, якое перадаецца ў часе з пакалення ў пакаленне”, - дадаў Францішак.

Паводле Папы, адукацыя – супрацьяддзе ад культуры індывідуалізму, якая нярэдка выражаецца ў кульце “эга” і прыярытэце абыякавасці. Нашай будучыняй не могуць быць падзелы, збядненне магчымасцей для рэфлексіі і ўяўлення, слухання, дыялогу і ўзаемнага разумення, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заклікаў дзеячаў культуры і спорту, навукоўцаў, работнікаў СМІ падпісаць Глабальнае адукацыйнае пагадненне і праз сведчанне і працу прасоўваць каштоўнасці клопату, міру, справядлівасці, дабра, прыгажосці, прыняцця іншага і братэрства.

Папа патлумачыў, што людзі, якія далучаюцца да Пагаднення, абавязваюцца ставіць асобу, яе каштоўнасць і годнасць, у цэнтр адукацыйнага працэсу; слухаць дзяцей і моладзь, перадаючы ім каштоўнасці і веды, каб разам будаваць будучыню справядлівасці і міру, годную жыцця кожнага чалавека; спрыяць поўнаму ўдзелу дзяцей і моладзі ў атрыманні адукацыі; успрымаць сям’ю ў якасці першага і неад’емнага суб’екта адукацыі; вучыць і вучыцца гасціннасці, асабліва ў адносінах да самых уразлівых і адрынутых людзей; шукаць новыя шляхі разумення эканомікі, палітыкі, прагрэсу, якія будуць служыць чалавеку і ўсёй чалавечай сям’і ў перспектыве інтэгральнай экалогіі; клапаціцца пра наш супольны дом, абараняючы яго рэсурсы, спрыяючы больш стрыманаму ладу жыцця і выкарыстанню ўстойлівых крыніц энергіі.

Святы Айцец заклікаў прыкласці сумесныя намаганні на карысць будавання цывілізацыі гармоніі і адзінства, дзе не будзе месца вераломнай пандэміі культуры адчужэння.

 

15 кастрычніка 2020, 15:00