Vatican News
Храм "Ойча наш" у Іерусаліме. Ілюстрацыйнае фота Храм "Ойча наш" у Іерусаліме. Ілюстрацыйнае фота 

Францішка хвалюе лёс хрысціян Святой Зямлі

13 верасня 2020 г., пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец спаслаўся на збор ахвяраванняў у каталіцкіх храмах па ўсім свеце на карысць Касцёла ў Святой Зямлі.

Ініцыятыва, якая, пачынаючы з 1974 г., традыцыйна праводзілася ў Вялікую Пятніцу, у гэтым годзе была перанесена на больш позні час па прычыне пандэміі каронавіруса.

“У цяперашняй сітуацыі гэта з’яўляецца яшчэ большым знакам надзеі і салідарнасці з хрысціянамі, якія жывуць на Зямлі, дзе Бог стаў целам, памёр і ўваскрос дзеля нас”

, - лічыць Пантыфік.

Францішак запрасіў вернікаў здзейсніць духоўную пілігрымку ў Іерусалім, дзе знаходзяцца нашы крыніцы і быць па-сапраўднаму шчодрымі да хрысціян Святой Зямлі.

У сваю чаргу, Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, адказнай за ініцыятыву, нагадаў пра тэрміновыя патрэбы хрысціянскіх супольнасцей рэгіёна, звязаныя з зніжэннем колькасці мясцовых вернікаў.

Гэта пагражае знікненнем хрысціянскай традыцыі, карані якой сягаюць першых стагоддзяў.

Кардынал Сандры звярнуў увагу на войны, што спрыяюць павелічэнню колькасці бежанцаў, а таксама абумоўліваюць будучыню цэлых пакаленняў, пазбаўляючы іх самага элементарнага: права на шчаслівае дзяцінства, належную адукацыю, магчымасць знайсці добрую працу, стварыць сям’ю, адкрыць уласнае пакліканне, весці годнае і працавітае жыццё, мець спакойную старасць.

Сабраныя сродкі даюць магчымасць дапамагчы мясцоваму Касцёлу ў вырашэнні гэтых праблем і падтрымліваць у належным стане шматлікія храмы рэгіёну, якія захоўваюць памяць пра Таямніцу Аб’яўлення, Уцелаўлення і Адкуплення.
 

14 верасня 2020, 12:56