Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане  (AFP or licensors)

Пантыфік: быць добрай і ўрадлівай глебай для Божага слова

Кожны з нас – зямля, на якую падае зерне Божага Слова, - падкрэсліў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 12 ліпеня 2020 г. прайшла на ватыканскай плошчы св. Пятра.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца:

“Дарагія браты і сёстры, добры дзень!

У Евангеллі на гэту нядзелю (пар. Мц 13,1-23) Езус распавядае вялікаму натоўпу прыпавесць, добра вядомую ўсім нам – прыпавесць пра сейбіта, які кідае зерне на чатыры розныя віды глебы. Божае слова, якое сімвалізуе зерне, не з’яўляецца абстрактным словам, але самім Хрыстом, словам Айца, якое ўцелавілася ва ўлонні Марыі. Таму, прымаць Божае слова, значыць прымаць асобу Хрыста.

Божае слова можна прымаць па рознаму. Мы можам рабіць гэта як дарога, на якую адразу прылятаюць птушкі і дзяўбуць яго. Гаворка ідзе пра рассеянасць, вялікую небяспеку нашага часу.

Акружаныя шматлікімі плёткамі, ідэалогіямі, пастаяннымі магчымасцямі, што адцягваюць увагу, як дома, так і на вуліцы, можна настолькі згубіць смак цішыні, засяроджанасці, дыялогу з Панам, што рызыкуем згубіць веру, не прымаць Божага слова.

Іншая магчымасць: прымаць Божае слова ў якасці камяністага месца, дзе мала глебы. Тут зерне прарастае хутка, але таксама і хутка засыхае, бо не можа пусціць карані ў глыбіню. Гэта вобраз тых, хто прымае Божае слова з запалам, што хутка ўзнікае, але застаецца павярхоўным, не ўбірае Божае слова. Такім чынам, пры першых цяжкасцях, пакутах, жыццёвых хваляваннях, такая верай, яшчэ слабая, рассейваецца, як засыхае зерне, што падае між камянёў.

Ёсць таксама трэцяя магчымасць, пра якую Езус кажа ў прыпавесці: мы можам прымаць Божае слова як зямля, на якой расце цярноўнік. Церні – гэта пастка багаццяў, поспеху, турботаў гэтага свету… Тут Божае слова крыху прарастае, але заглушаецца, памірае і не прыносіць плён.

Нарэшце, чацьвёртая магчымасць: мы можам прымаць яго як добрая глеба. Тут, і толькі тут, зерне ўкараняецца і прыносіць плён. Зерне, якое ўпала на ўрадлівую глебу, прадстаўляе тых, хто слухае Слова, прымае яго, захоўвае ў сэрцы і спаўняе на практыцы ў штодзённым жыцці.

Прыпавесць пра сейбіта з’яўляецца “маці” ўсіх прыпавесцей, бо кажа пра слуханне Слова. Яна нагадвае нам, што Божае слова – гэта зерне,  плённае і эфектыўнае само па сабе; і Бог з шчодрасцю сее яго паўсюль, не шкадуючы. Сэрца Бога такое!

Кожны з нас – зямля, на якую падае зерне Слова. Усе без выключэнняў! Божае слова даецца ўсім! Мы можам спытаць у сябе: зямлёй якога роду з’яўляюся? Я падобны на дарогу, камяністае месца, цярноўнік? Але, калі хочам, мы можам стаць добрай глебай, добра ўскапанай і дагледжанай, для таго, каб на ёй магло саспець зерне Божага слова. Яно ўжо знаходзіцца ў нашых сэрцах, але ці стане яно плённым залежыць ад нас, залежыць ад таго, як прымаем гэтае зерне.

Часта нашу ўвагу адцягваюць шматлікія інтарэсы, заклікі і становіцца цяжка адрозніць сярод мноства галасоў і слоў, голас і слова Пана, адзіны, які робіць свабоднымі. Таму важна прызвычаіцца слухаць і чытаць Божае слова. Яшчэ раз нагадаю вам параду: заўсёды насіце з сабой кішэннае выданне Евангелля… Чытайце штодня па маленькім урыўку Божага слова, каб лепш разумець якое зерне Бог дае нам і ў якую зямлю яго прымаем.

Няхай Панна Марыі, дасканалы прыклад добрай і ўрадлівай глебы, дапаможа нам сваёй малітвай стаць адкрытай глебай, без церняў і камянёў, каб маглі прыносіць добрыя плёны для нас і нашых братоў”.

Завяршаючы сваю традыцыйную нядзельную сустрэчу з вернікамі, Папа папрасіў аб малітве за яго служэнне.
 

12 ліпеня 2020, 13:07