Vatican News
Вокладка кнігі “Супольнасць і надзея” Вокладка кнігі “Супольнасць і надзея” 

Папа: пандэмія ставіць пытанне пра шчасце ў нашым жыцці

Пантыфік напісаў прадмову да кнігі кардынала Вальтэра Каспера і а. Джорджа Аўгустына “Супольнасць і надзея”, у якой сабраны “сведчанні веры ў час пандэміі каронавіруса”.

Арыгінальнае нямецкамоўнае выданне ўбачыла свет у чэрвені, а некалькі дзён таму Ватыканскае выдавецтва (LEV) апублікавала яго пераклад на італьянскую мову.

У прадмове Францішак падкрэсліў, што “крызіс, выкліканы каронавірусам, паразіў неспадзявана ўсіх”, “змяніўшы раптам ва ўсім свеце сямейнае, працоўнае і грамадскае жыццё”: многія аплакваюць смерць родных і сяброў; іншыя апынуліся ў складанай фінансавай сітуацыі ці згубілі працу; у шматлікіх краінах аказалася немагчымай супольная цэлебрацыя галоўнай хрысціянскай урачыстасці – літургіі Вялікадня.

Гэта “драматычная сітуацыя”, па словах Святога Айца, “выявіла нашу чалавечую ўразлівасць, слабасць і патрэбу ў вызваленні” і “паставіла пад сумнеў многія перакананні, на якія мы абапіраліся ў сваім паўсядзённым жыцці, калі рэалізоўвалі свае планы і праекты”.

“Пандэмія ставіць перад намі фундаментальныя пытанні адносна шчасця ў нашым жыцці і скарбу нашай хрысціянскай веры”

, - напісаў Францішак.

Ён зазначыў, што апошнія месяцы сталі “часам выпрабавання і выбару”, запрашэннем “зноў скіраваць сваё жыццё да Бога”. Крызіс прадэманстраваў, што “ў надзвычайных сітуацыях мы залежым ад салідарнасці іншых людзей”, і падштурхнуў да “прысвячэння свайго жыцця служэнню іншым”.

Папа нагадаў, што ў самы разгар крызісу мы святкавалі Вялікдзень і слухалі велікоднае пасланне перамогі жыцця над смерцю, якое “падкрэслівае, што як хрысціяне мы не павінны дазволіць, каб пандэмія нас спаралізавала”.

“Рызыка заразіцца вірусам павінна навучыць нас іншаму тыпу “заражэння” – заражэння любоўю, якая перадаецца ад сэрца да сэрца”

, - сцвердзіў Францішак.

Ён таксама нагадаў, што анлайн-трансляцыі літургій, якія сталі вымушаным часовым рашэннем у перыяд “балючага Эўхарыстычнага посту”, немагчымасці правядзення супольных набажэнстваў, “не могуць замяніць рэальнай прысутнасці Пана ў Эўхарыстычнай цэлебрацыі”. “Таму я радуюся, што цяпер можна вярнуцца да нармальнага літургічнага жыцця”, - напісаў Пантыфік.

“Жадаю і спадзяюся, што тэалагічныя разважанні, сабраныя ў гэтым невялікім выданні, падштурхнуць да роздуму і выклікаюць у многіх абноўленыя надзею і салідарнасць. Як у выпадку з двума вучнямі, што ішлі ў Эмаус, у далейшым і нас Пан будзе суправаджаць на шляху сваім Словам і, праламляючы Эўхарыстычны Хлеб, будзе казаць нам: “Не бойцеся! Я перамог смерць”, - напісаў у прадмове да кнігі Францішак.
 

28 ліпеня 2020, 15:06