Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: дзяленне дабротамі – аснова братэрства

“Бог любіць таго, хто дае з радасцю”, - нагадаў Францішак у пасланні да бразільскага дабрачыннага “Руху беззямельных”, у якім павіншаваў з Днём земляробаў і падзякаваў за руплівую дзейнасць па падтрымцы бедных.

Бразілія святкуе Дзень земляробаў 25 ліпеня. Аднак у гэтым годзе сельская частка насельніцтва краіны моцна пацярпела ад пандэміі. Каб падтрымаць патрабуючыя сем’і з гарадскіх перыферый, “Рух беззямельных” (Sem Terra) ініцыяваў размеркаванне сярод іх некалькіх тон прадуктаў харчавання.

У лісце за подпісам кардынала Майкла Чэрны, падсакратара секцыі па справах мігрантаў у Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, Святы Айцец падзякаваў членам асацыяцыі за ахвярнасць, назваўшы іх жэст “знакам Божага Валадарства, які спараджае салідарнасць і братэрскую еднасць”.

Пантыфік нагадаў, што і Езус памножыў хлеб, каб накарміць галодных свайго часу, – ды так, што застаўся лішак.

“Дзяленне дае жыццё”, стварае братэрскую сувязь, ператварае грамадства. Спадзяёмся, што гэты ваш жэст памножыцца і натхніць іншых людзей і супольнасці рабіць тое ж, таму што “Бог любіць таго, хто дае з радасцю”

- , напісаў Папа.

“Няхай Дух Святы захоўвае вас ад каронавіруса, дае вам мужнасць і надзею ў гэты час сацыяльнай ізаляцыі! І ў дзень земляробаў няхай наш добры Бог ахоўвае і благаслаўляе ўсе сем’і, якія працуюць на зямлі і змагаюцца за дзяленне зямлёй і за клопат пра наш агульны дом”, - пажадаў Пантыфік.

Бразільская асацыяцыя “Рух беззямельных” існуе ўжо больш за 35 гадоў. За гэты час яна заснавала на тэрыторыі шэрагу латыфундый краіны каля сотні кааператываў і аграпрамысловых прадпрыемстваў. У выніку Рух здолеў вынайсці пэўныя крытэрыі для таго, каб зрабіць урадлівай землі, якія лічыліся непрыдатнымі для земляробства, і забяспечыць працай каля 370 тыс. сельскіх сем’яў.
 

29 ліпеня 2020, 12:21